Магчымае падзенне Марыупаля і нагода для атакі хімзброяй: вынікі 54 дзён вайны

Эксперты не выключаюць, што Расія можа прымяніць ва Украіне хімічную і тактычную ядзерную зброю / DIMA KOROTAYEV/REUTERS
Эксперты не выключаюць, што Расія можа прымяніць ва Украіне хімічную і тактычную ядзерную зброю / DIMA KOROTAYEV/REUTERS

Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) Джордж Барас і Мэйсан Кларк 17 красавіка апублікавалі кароткі даклад аб расійскай наступальнай кампаніі. Аналітыкі прыйшлі да высновы, што да пяцьдзясят чацвёртага дня вайны асноўнае намаганне расійскіх войскаў сканцэнтраванае на Усходняй Украіне. Тут галоўным прыярытэтам для расіян ёсць Марыупаль.

— Расійскія сілы, магчыма, захапілі порт Марыупаля 16 красавіка, нягледзячы на абвяржэнні ўкраінскага Генеральнага штаба, — пішуць у дакладзе Барас і Кларк. — 16 красавіка сілы Расіі і "ДНР" апублікавалі кадры, якія пацвярджаюць іх прысутнасць у некалькіх ключавых пунктах на паўднёвым захадзе Марыупаля, уключаючы дыспетчарскі пункт порта, будынак пракуратуры і Галоўнае ўпраўленне нацыянальнай паліцыі ў Данецкай вобласці.

Асобныя групы ўкраінскіх войскаў у Марыупалі могуць заставацца за межамі завода "Азоўсталь", але яны, магчыма, будуць знішчаныя расійскімі войскамі ў найбліжэйшыя дні, а заява ўкраінскага Генеральнага штаба ў 18:00 па мясцовым часе 17 красавіка аб тым, што ўкраінскія сілы адбілі напад Расіі на порт, магчыма, непраўдзівая.

Вероятное падение Мариуполя и повод для атаки химоружием: итоги 54 дней войны
Завод "Азоўсталь" / фота Сяргея Дзмітрыева

— Расійскія сілы, магчыма, спрабуюць прымусіць абаронцаў завода "Азоўсталь", якія засталіся, капітуляваць, душачы агнявую моц, каб пазбегнуць "дарагіх" аперацый па зачыстцы. Але ўкраінскія абаронцы, якія засталіся, здаецца, маюць намер зладзіць апошні бой. За апошнія суткі расійскія войскі нанеслі масіраваныя авіяўдары па Марыупалі, у тым ліку стратэгічнымі бамбардзіроўшчыкамі Ту-22М3. Расійскія сілы, хутчэй за ўсё, завершаць захоп Марыупаля на наступным тыдні, але апошнія штурмы, магчыма, па-ранейшаму будуць дорага ім абыходзіцца, — прагназуюць эксперты.
 

След "Вагнера" на Данбасе

— 17 красавіка расійскія войскі працягвалі беспаспяхова наступаць на Рубежнае, Папасную і Севераданецк. За апошнія 24 гадзіны расійскія войскі не дамагліся значных тэрытарыяльных поспехаў, — пішуць аналітыкі ISW. Таксама яны дадаюць, што 17 красавіка дэпутат Дзярждумы РФ Віталь Мілонаў, які прыехаў на Данбас, апублікаваў фатаграфію з Яўгенам Прыгожыным, блізкім паплечнікам Пуціна і "кашальком" ПВК "Вагнер". Прысутнасць Прыгожына можа гаварыць пра тое, што ён будзе каардынаваць набор асабовага складу і фінансаванне аперацый групы Вагнера.

Вероятное падение Мариуполя и повод для атаки химоружием: итоги 54 дней войны
Мілонаў і Прыгожын на Данбасе / фота са старонкі Мілонава "УКантакце"

Зацішша перад наступам

Па ацэнцы Бараса і Кларка, значным для войскаў РФ кірункам ёсць Харкаў і Ізюм. Мэта Расіі тут — прасоўванне на паўднёвы ўсход для падтрымкі расійскіх аперацый у Луганскай вобласці і далейшае абкружэнне ўкраінскіх сіл у Харкаве. 17 красавіка расійскія войскі працягвалі нарошчванне сіл вакол Ізюма, але наступальных дзеянняў не вялі. Войскі РФ абстрэльвалі Харкаў на працягу апошніх 24 гадзін, а ўкраінскія сілы не праводзілі контратак.

На Паўднёвым кірунку важным для расіян застаецца Херсон. За апошнія 24 гадзіны вакол Херсона не адбылося значных змен, хоць, як паведамляецца, невялікія баі працягваюцца ў Аляксандраўцы. 16 красавіка Украінскі цэнтр нацыянальнага супраціву паведаміў, што ўкраінская артылерыя прыцэльна знішчыла дзесяць вагонаў з расійскімі боепрыпасамі ў Такмаку, выкарыстоўваючы звесткі, перададзеныя ўкраінскімі грамадзянамі. ISW не можа пацвердзіць гэтую заяву, але пры гэтым падкрэслівае, што "павелічэнне ўкраінскіх паведамленняў пра дзеянні партызанаў на поўдні Украіны як мінімум паказвае на падвышаную ўвагу Украіны да гэтых аперацый".

Што да Сум і ў цэлым Паўночна-Усходняга кірунку, то тут, на думку Бараса і Кларка, у Расіі стаіць першачарговая задача вывесці войскі ў баяздольным стане для іх далейшага перакідання на ўсход Украіны.

Вероятное падение Мариуполя и повод для атаки химоружием: итоги 54 дней войны
Афіцыйныя ведамствы Украіны паведамляюць, што дзякуючы наводцы ад партызанаў артылерыя знішчыла 10 вагонаў расійскіх боепрыпасаў / sprotyv.mod.gov.ua

Аналітыкі ISW прагназуюць, што ў найбліжэйшай перспектыве расійскія сілы, засяроджаныя вакол Ізюма, працягнуць лакальныя наступальныя аперацыі на паўднёвы ўсход і паўднёвы захад, пасля чаго могуць пачаць больш маштабны наступ. Не выключана, што неўзабаве Расія заявіць пра перамогу ў бітве за Марыупаль. Таксама войскі РФ могуць пачаць новую наступальную аперацыю з Данецка на поўнач праз Аўдзееўку ў бок Краматорска. Працягнуцца і атакі расійскіх войскаў на Севераданецк, Папасную і Рубежнае.
 

Паспець перахапіць ініцыятыву

Былы генерал войска Аўстраліі аналітык Мік Раян лічыць, што ёсць чатыры фактары нявызначанасці, якія могуць істотна паўплываць на ход баявых дзеянняў. Ключавая пераменная, на думку экс-генерала, заключаецца ў тым, ці будуць магчымыя атакі ўкраінскіх войскаў пад Харкавам і Ізюмам лакальнымі ці яны стануць часткай больш шырокага контрнаступу.

— Яны [камандаванне УСУ] ведаюць, што перахоп ініцыятывы да таго, як рускія змогуць пачаць буйны наступ у раёне Ізюма, разбурыць расійскую стратэгію і сапсуе запланаваную імі перамогу да 9 траўня, піша Мік Раян. — Другая пераменная — Марыупаль. Калі ён падзе, гэта можа вызваліць рускія войскі для наступу на ўсход. Галоўнае пытанне ў колькасці Марыупальскай групоўкі і яе боегатоўнасці. Пасля некалькіх тыдняў зацятых гарадскіх баёў рускім можа спатрэбіцца перадышка.

Вероятное падение Мариуполя и повод для атаки химоружием: итоги 54 дней войны
Мік Раян / twitter/WarintheFuture

Яшчэ адным фактарам нявызначанасці Раян называе лагістыку. "Мы бачылі на працягу ўсёй вайны, наколькі дрэнная расійская лагістыка. Ці зможа Расія палепшыць забеспячэнне, каб гарантаваць канцэнтрацыю сіл на ўсходзе? Галоўнае пытанне ў тым, ці дазволіць лагістычная сістэма рускіх гарантаваць іх бяспеку ў тыле. Акрамя таго, лагістыка важная і для ўкраінцаў. На ўсходзе ім, магчыма, спатрэбіцца большая колькасць артылерыйскіх боепрыпасаў, паліва і іншых прадметаў, незалежна ад таго, дзейнічаюць яны ў наступе або ў абароне".

Вероятное падение Мариуполя и повод для атаки химоружием: итоги 54 дней войны
Расійскі бензавоз, спалены ўкраінскімі сіламі спецыяльных аперацый / t.me/BiletskyAndriy

— Чацвёртая пераменная — роля войскаў РФ на поўдні ў часе наступу на ўсход. Ці застануцца яны ў абароне або возьмуць на сябе больш актыўную ролю, праводзячы фальшывыя манеўры і падтрымліваючы атакі, каб адцягнуць украінскія сілы з усходу ці поўначы? — задаецца пытаннем экс-генерал. — Рускім яшчэ трэба будзе прадэманстраваць здольнасць да адаптацыі, якая дазваляе значна палепшыць іх тактычныя здольнасці. Гэта важны фактар, нягледзячы на вялікую канцэнтрацыю войскаў, разгорнутых імі на ўсходзе. Няўдача можа справакаваць прымяненне Расіяй ядзернай або хімічнай зброі — яны даўно шукалі нагоды для яе выкарыстання.

На ўсходнім тэатры ваенных дзеянняў могуць адбыцца буйнамаштабныя баі, якіх мы не бачылі на поўначы. Рускія, лепш знаёмыя з мясцовасцю на ўсходзе, будуць імкнуцца выкарыстоўваць перавагу ў колькасці і агнявой моцы для прарыву. У той жа час украінцы могуць адважыцца на серыю контрнаступаў з мэтай перахапіць ініцыятыву да таго, як рускія пачнуць свой усходні наступ, — рэзюмуе Мік Раян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.