"Людзі падаюць на нас, усё ў пылу, крыкі": ізраільцянка перажыла іранскі абстрэл

Паказальнік на прытулак, Ізраіль / unsplash
Была ноч, і ў сям'і Марыі ўсе спалі, калі на тэлефон прыйшло першае паведамленне — Іран рыхтуецца нанесці ракетны ўдар па Ізраілю.
Так Тэгеран адказаў на ізраільскія абстрэлы яго тэрыторыі, якія пачаліся ў мінулую пятніцу. У тую ноч ахвярамі іранскага ўдару па краіне стануць 10 чалавек, а сям'я Марыі задумаецца аб ад'ездзе з краіны.
— Калі мы пераязджалі ў Ізраіль, ваенныя дзеянні вяліся ў асноўным з Сектарам Газа. Мы ведалі, што ракеты там робяць ледзь не з водаправодных труб, і жалезны купал на 99% ратуе ад тых абстрэлаў. Сур'ёзных нападаў балістычнымі ракетамі не было, і мы жылі спакойна.
Але цяпер усё інакш. Усе ведаюць, што да апавяшчэнняў аб магчымым абстрэле трэба ставіцца сур'ёзна. Атрымаўшы першае апавяшчэнне на тэлефон, Марыя прачнулася і сабрала рэчы. Атрымаўшы другое, разам з сям'ёй пайшла ў бок прытулку. Калі яны спусціліся ў міклат (прытулак у кватэры), загудзела сірэна. Марыя, яе муж і маленькае дзіця чулі выбухі, але самае страшнае пачалося пазней.
"Я баюся расплюшчыць вочы і даведацца, што побач ляжыць нехта мёртвы"
Па правілах людзі сядзяць у прытулку, пакуль не прыходзіць паведамленне ад службы камандавання тылу, у якім будзе сказана, што можна выходзіць.
@bbcnews Five people have been killed and dozens injured as Iran launched fresh strikes across central Israel overnight, according to Israel's national emergency service. #Israel #Iran #TelAviv #MiddleEast #News #BBCNews ♬ original sound - BBC News
— Але хтосьці з тых, хто быў з намі ў прытулку, сказаў, што небяспекі больш няма, што мы можам разыходзіцца па дамах. Усе сталі выбірацца з падвалу. У мяне на тэлефоне ўжо была сувязь, а паведамлення так і не прыйшло.
Мы з сям'ёй засталіся ў прытулку адны. Але здавалася, ужо ўсё спакойна, і ўрэшце мы таксама выйшлі. Я памятаю, як зачыняла тыя жалезныя дзверы на зашчапку, як мы падняліся літаральна на тры-чатыры прыступкі ўверх — і тут людзі пачалі бегчы нам насустрач. Яны крычалі — ракета! І беглі назад у падвал.
Доля секунды — і мы таксама бяжым у гэты падвал. Яшчэ імгненне — выбух, і мы ўжо ляжым не лесвіцы. Усе ў пылу, усе крычаць, а я баюся адкрыць вочы і даведацца, што побач ляжыць хтосьці мёртвы. І не дай Бог гэта хтосьці з маёй сям'і.
Муж кажа: "Усё акей, у цябе канечнасці на месцы?" Я чамусьці думаю, што ў яго не на месцы і вельмі палохаюся. Ён кажа: "У мяне ўсё добра". Мы правяраем дзіця, у яго ўсё добра. Але я ўсё роўна баюся адкрыць вочы.
Муж амаль за валасы зацягвае мяне ў прытулак. Мы сядаем у кут, я дастаю лямпу з трывожнай валізкі. Людзі сыплюцца на нас. Усе брудныя, у пылу, і крычаць. Мы сядзім, забіўшыся ў кут, і разумеем, што гэтыя жалезныя дзверы, якія зачынялі ўваход у прытулак, проста вылецелі як корак. І ўпалі проста на тое месца, дзе мы сядзелі да гэтага.
Калі б мы не сышлі адтуль, здарылася б нешта больш страшнае, а не толькі пара драпін і сінякоў.

Калі Марыя выйшла з прытулку і зайшла ў свой пад'езд, вакол былі сляды крыві. Сярод яе суседзяў шмат пажылых людзей. Дзяўчына кажа, што многія з іх прытрымліваюцца філасофіі "чаму быць таго не абмінуць". І падчас абстрэлаў проста не выходзяць з кватэр.
— Хоць ужо мільён разоў сказана: ідзіце ў прытулак, гэта ўратуе вам жыццё. Але многія засталіся ў сваіх дамах, а так як вокны павыбівалі ў радыусе 500 метраў, многія атрымалі парэзы.
Калі мы вярнуліся ў наш пад'езд, насустрач выйшаў падрапаны сусед. І сказаў: "А я ў прытулак не хадзіў, я спаў".
Але большасць людзей ведаюць, што прытулкі, якія ў многіх ізраільцян абсталяваны прама ў кватэрах (мама ты) больш не гарантуюць бяспекі. Каб выжыць пры прамым трапленні балістычнай ракеты, трэба хавацца ў надзейных падвалах.
— У нашым доме ніхто не загінуў, але сам будынак пойдзе пад знос.
Ад суседняй высоткі засталася палова. Частку дома знесла выбухам.
"Дзіця есць блінцы і глядзіць "Шчанюковы патруль"
Цяпер Марыя з сям'ёй жыве ў гатэлі. Месцы для людзей з пашкоджаных дамоў аплачвае дзяржава, тройчы ў дзень людзі могуць спускацца на шведскі стол. Мы спыталі, як дзіця Марыі перажыла гэтыя падзеі. Яна смяецца — "Сядзіць есць блінцы і глядзіць "Шчанюковы патруль".
— Думаю, ён не зразумеў, што адбылося нешта страшнае. З намі размаўляла псіхолаг, сказала, што наступстваў для яго няма.
Неўзабаве пасля абстрэлу Марыі пачалі тэлефанаваць блізкія. Яны прапаноўвалі дапамогу. І малазнаёмыя людзі таксама спрабавалі дапамагчы. Выпадковая падпісчыца ў сацсетках прывезла велізарны пакет касметыкі і вітамінаў для сям'і.

— Мы змаглі забраць з дому ноўтбук, сродкі гігіены і трошкі чыстага адзення. З маленькім напаўпустым чамаданчыкам нас забралі сябры. Шмат прыватных дабрачынных арганізацый дапамагае пацярпелым, да нас у гатэль пастаянна прывозяць рэчы, цацкі. Можна браць, колькі трэба.
Тэлефанавалі з дзяржаўных службаў, пыталіся, якая дапамога патрэбная дзіцяці. Плюс усе атрымаюць кампенсацыю за папсаваную маёмасць. Гаспадар кватэры, якую мы здымалі, хутчэй за ўсё атрымае новую кватэру. І кампенсацыю за знішчаную мэблю, бытавую тэхніку і іншую маёмасць.
Марыя чытае каментары ў сацсетках. У многіх з іх ізраільцян папракаюць і кажуць, маўляў, яны павінны адчуць на сабе, як на працягу многіх месяцаў жылі людзі ў атакаваным сектары Газа. Але Марыя мае дастаткова эмпатыя, каб думаць аб пацярпелых грамадзянскіх людзях і без напамінкаў каментатараў.
— За некалькі дзён да таго, што здарылася, мы гаварылі пра гэта з мужам. Абмяркоўвалі, што часам людзі даволі жорстка кажуць, маўляў, людзям у Газе"так і трэба". І не разумеюць, што і там не ўсе — тэрарысты, не ўсе — ХАМАС. Што шмат простых закладнікаў рэжыму.
Некаторыя людзі хочуць з'ехаць, але не маюць такой магчымасці. І мне аднолькава шкада ізраільскіх, украінскіх і палесцінскіх дзяцей. Мірныя людзі ні ў чым не вінаватыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.