Лукашэнку не спадабаліся жарты Пуціна пра дэфіцыт бульбы

Бульба, ілюстрацыйнае фота

Бульба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Лукашэнку не даспадобы прыйшлося тое, што Пуцін жартуе пра дэфіцыт бульбы. Таму ён запатрабаваў сёлета вырасціць столькі бульбы, каб хапіла і на Расію.

"Вельмі шмат размоў. Асабліва пасля нарады ў прэзідэнта Расіі, дзе ён там пажартаваў з нагоды бульбы. Але для нас гэта вельмі сур'ёзнае пытанне. У якім плане? Чаго-чаго, але бульбу мы вырошчваць ўмеем. Трэба вырасціць столькі, каб хапіла нам і Расіі", — заявіў ён, прымаючы кіраўніка Брэсцкай вобласці Пятра Пархомчыка.

27 траўня Пуцін расказаў, што абмяркоўваў з Лукашэнкам сітуацыю з бульбай у Беларусі. Паводле яго, Лукашэнка заявіў, што бульбы ў Беларусі няма, бо ўсё прадалі ў Расію. Дарэчы, паводле статыстыкі Рассельгаснагляду, ад пачатку года Беларусь паставіла ў Расію 32 тысячы тон бульбы — удвая менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Таксама Лукашэнка згадаў пра дэфіцыт яблык і загадаў сёлета закупіць іх, бо год, на яго думку, будзе неўраджайным. Як вядома, сёлета на пару цвіцення яблыняў у Беларусі прыпалі працяглыя замаразкі з мінусавымі тэмпературамі.

27 траўня беларускі ўрад адмяніў забарону на імпарт бульбы, цыбулі, капусты і яблыкаў з "недружалюбных" краін, уведзеную тры гады таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.