Лукашэнка заявіў, што датэрміновых выбараў прэзідэнта не будзе

Лукашэнка заявіў, што датэрміновых выбараў прэзідэнта не будзе

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што датэрміновых выбараў прэзідэнта Беларусі не будзе. У пятніцу ён выступаў перад прадстаўнікамі дзелавых колаў і згадаў, што падчас падрыхтоўкі бюджэту на 2018 год было прынятае рашэнне накіраваць дадатковыя сродкі ў рэзервовы фонд прэзідэнта. Гэта было заўважана і нейкія “бізнесмены ад палітыкі” ўзнялі “лямант”. Цяпер жа Лукашэнка патлумачыў, што выдаткі, запланаваныя ў бюджэце, ён скараціў “яшчэ на 10%” і сродкі, якія вызваліліся, пералічыў у згаданы рэзервовы фонд. “Ён у бюджэце будзе — не ў мяне ў кішэні — і будзе выкарыстоўвацца па прапановах ураду і парламента”, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.

Тэма, відаць, хвалюе кіраўніка дзяржавы, бо яго тлумачэнне аказалася доўгім. “Там некаторыя гавораць: прэзідэнт стварыў вялікі рэзервовы фонд, напэўна, выбары датэрміновыя будуць, — гаварыў Лукашэнка. — Ніякіх датэрміновых выбараў у нас не будзе. Няма для гэтага ніякіх падстаў, тэндэнцый і іншых прычын”.

На згаданай сустрэчы Лукашэнка аб’явіў, што падпісаў дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, анансаваў “маштабную перапрацоўку” Падатковага кодэкса.