Лукашэнка разлічвае на "пазітыўны рост эканомікі" ў 2018 годзе

У 2018 годзе Аляксандр Лукашэнка разлічвае на "пазітыўны рост эканомікі". Пра гэта ён заявіў 26 снежня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагародаў.
Як перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы, у сваім віншаванні ўдзельнікам цырымоніі з надыходзячым Новым годам ён заявіў: "Упэўнены, ён стане годам працоўных перамог, выканання планаў, праектаў, годам пазітыўнага росту эканомікі".
Лукашэнка падзякаваў работнікам прамысловага сектара эканомікі і аграпрамысловага комплексу. Асобна ён адзначыў навукоўцаў: "Гэты год адзначаны дасягненнямі і нашых навукоўцаў. Асабліва каштоўныя поспехі ў распрацоўцы і ўкараненні інавацыйных тэхналогій у вытворчасць".
Сярод узнагароджаных прадстаўнікі будаўнічай сферы, грамадзянскай авіяцыі, сілавых структур, педагогі, прадстаўнікі СМІ, вядомыя спартоўцы і трэнеры, дзеячы культуры і мастацтва.