Лукашэнка распавёў, як Расія "хапалася то за газавую, то за нафтавую трубу"

Лукашэнка распавёў, як Расія "хапалася то за газавую, то за нафтавую трубу"

Беларусь і Расія пастараліся не разарваць адносіны і застацца блізкімі сябрамі і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў грамадскім жыцці. Хаця без складанасцяў не абышлося.

Пра гэта, як перадае БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка распавёў у інтэрв'ю расійскаму інфармагенцтву ТАСС для тэлефільма, прысвечанага 25-годдзю СНД, і тэлепраграме "Формула ўлады".

Па словах Лукашэнкі, Беларусь і Расія вельмі шмат зрабілі, каб народы не былі пакрыўджаныя распадам Савецкага Саюза. Ён падкрэсліў, што было прынята шмат законаў, якія ўраўноўваюць беларусаў і расіян у правах.

"Мы адышлі ад той прорвы, якая магла быць паміж Беларуссю і Расіяй і якая намячалася там пад Смаленскам", — канстатаваў беларускі кіраўнік.

Разам з тым ён заявіў, што ёсць у беларуска-расійскіх адносінах і негатыўныя моманты: "Мы, напэўна, у чымсьці не разумелі Расію. Расія хапалася то за газавую, то за нафтавую трубу, то не прапускала нашы тавары. Мы дзесьці, напэўна, сябе не зусім правільна вялі, хоць імкнуліся "старэйшага брата" не крыўдзіць і не злаваць — гэта таксама праўда".