Фонд BYSOL выплаціў 31 000 еўра палітвязням, вызваленым 11 верасня

Палітвязні, вызваленыя 11 верасня / LookByMedia
Палітвязням, вызваленым 11 верасня, фонд BYSOL выплаціў 31 000 еўра. Паведамляецца, што разавую выплату ў памеры 1000 еўра атрымаў 31 чалавек, які звярнуўся ў фонд. Грошы прадастаўленыя Міжнародным гуманітарным фондам. Атрымаць такую дапамогу можа кожны палітвязень, які звярнуўся ў BYSOL.
У фондзе кажуць, што працягваецца працэдура легалізацыі вызваленых. На яе таксама патрэбныя грошы: консульскі збор, страхоўка і г.д. Фонд BYSOL выкарыстоўвае для гэтага сродкі з сумы экстранага збору.
Раней паведамлялася, што ў выніку перамоваў з адміністрацыяй Трампа 11 верасня з-за кратаў былі вызваленыя 52 чалавекі, у тым ліку палітвязні. Адзін з вызваленых, Мікалай Статкевіч, адмовіўся прымусова пакідаць радзіму і вярнуўся ў Беларусь. Яго лёс дагэтуль невядомы.
Фонд BYSOL абвясціў экстраны збор на дапамогу вызваленым палітвязням у памеры 50 тысяч еўра. Аднак у выніку было сабрана больш за 100 тысяч еўра.
"Дзякуючы салідарнасці і падтрымцы грамадства палітвязні, высланыя 11 верасня з Беларусі, ужо забяспечаныя мінімальна неабходным. Цяпер мы можам засяродзіцца на сістэмнай дапамозе ў рамках нашага вялікага збору. Мы аб'яўляем пра штомесячную фінансавую падтрымку тэрмінам на тры месяцы", — заявілі ў BYSOL.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.