Boeing 737 на гэты момант выконваюць пералёты ў РФ — "Белавія"

Кампанія "Белавія" / БЕЛТА
"Боінгі" кампаніі "Белавія" працягваюць палёты ў Расію, хаця гэта забаронена ўмовамі Мінгандлю ЗША. Пра гэта даведалася выданне "Зеркало".
11 верасня ў рамках дамовы паміж рэжымам Лукашэнкі і адміністрацыяй Трампа з-за кратаў былі вызваленыя 52 палітвязні. За гэта Штаты прыпынілі частку санкцый супраць беларускага перавозчыка "Белавія". Пазней Мінгандлю ЗША паведаміла, якія абмежаванні застаюцца ў сіле. Сярод іх — забарона выкарыстання "Боінгаў" для палёту ў Расію і шэраг іншых краін з недэмакратычнымі рэжымамі.
Аднак у "Белавіі" ігнаруюць гэтыя ўмовы. Як піша "Зеркало", Boeing 737 MAX 8 з бартавым нумарам EW-528pa здзяйсняе рэйсы ў тым ліку ў Маскву, Калінінград, Санкт-Пецярбург. Boeing 737 з бартавым нумарам EW-455pa возіць пасажыраў у Турцыю, Егіпет і Узбекістан, але ў верасні гэтага года таксама быў і ў расійскім Наябрску.
Журналіст выдання як пасажыр пацікавіўся ў "Белавія", ці перастануць самалёты Boeing 737 лятаць у Расію.
"На гэты момант у інфармацыйна-даведачную службу не паступала інфармацыя па гэтым пытанні. На цяперашні момант гэтыя самалёты выконваюць пералёты ў РФ", — адказалі яму.
Таксама "Белавія" лятае ў РФ на самалётах Embraer.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.