Лукашэнка распавёў, у чым палягае суверэнітэт Беларусі

Суверэнітэт Беларусі — гэта людзі, якія шчыра і сумленна робяць сваю працу. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 чэрвеня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагародаў.
"Наш суверэнітэт — гэта людзі, якія штодня шчыра і сумленна выконваюць сваю працу: захоўваюць мір і парадак на роднай зямлі, застаючыся ўзорам мужнасці і вернасці службоваму абавязку; умацоўваючы эканамічную стабільнасць, працуюць на вытворчасцях, будоўлях, у навуковых лабараторыях, на фермах і на полі; забяспечваюць сацыяльную падтрымку насельніцтва, працуючы ў сферах аховы здароўя, адукацыі, у грамадскіх арганізацыях; фармуюць імідж краіны сваімі спартыўнымі перамогамі і дасягненнямі", — цытуе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Лукашэнка падкрэсліў, што ў зале сабраліся сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты Радзімы. Ён падзякаваў удзельнікам цырымоніі за прафесіяналізм і актыўную грамадзянскую пазіцыю, а таксама пажадаў ім здароўя, шчасця і дабрабыту.
Дзяржаўныя ўзнагароды ў выглядзе ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў атрымалі прадстаўнікі розных сфераў дзейнасці — сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, энергетыкі, лёгкай прамысловасці, аховы здароўя, гандлю, навукі, культуры, спорту і г.д.