Лукашэнка распавёў студэнтам, што трэба для лічбавай эканомікі і майнінгу

27 снежня Аляксандр Лукашэнка выступіў на навагоднім свяце для студэнтаў і навучэнцаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у навучанні, творчасці і спорце. Святкаванне адбылося ў Палацы Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што на свята запрасілі найлепшых прадстаўнікоў маладога пакалення. Ён выказаў надзею, што гэта стане новай традыцыяй. "Любая краіна моцная традыцыямі. Хай гэта маленькая традыцыя, але яна застанецца, ад яе ўжо не сыдзе ні адзін прэзідэнт, які прыйдзе ў гэты будынак пасля мяне. І тая моладзь, якая пасля вас сюды прыйдзе, заўсёды будзе рада прысутнічаць у пераднавагоднія святы ў галоўным палацы нашай краіны", — цытуе прэс-служба словы Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі выказаў меркаванне, што нехта з прысутных пойдзе ў палітыку. Але перад тым, заявіў ён, моладзь мусіць добра вучыцца. "Але скажу адно: у жыцці трэба рабіць усё своечасова. Калі вы цяпер павінны атрымаць адукацыю, вы яе павінны атрымаць менавіта цяпер. Таму што заўтра ў вас будуць іншыя праблемы, і адукацыю атрымліваць будзе позна. Будзеце рабіць усё своечасова — будзеце паспяховымі".
Лукашэнка заявіў, што моладзь амаль ўсё ставіць пад сумнеў, і прызнаўся, што сам жыве паводле такога прынцыпу. "І не я яго прыдумаў. Гэта ідэя Карла Маркса, ён заўсёды завяшчаў: падвяргайце ўсё сумневу. Нельга ўспрымаць любую ідэю, навацыі ці прапановы злёту — падвяргаецца сумневу. Гэта не значыць, што ты адрынеш гэтую ідэю, думку. Гэта першы крок да таго, што ты будзеш асэнсоўваць гэтую ідэю. Ты яе асэнсуеш і потым прымеш рашэнне: быць ёй і табе ў гэтым працэсе, ці ты гэтую ідэю і гэты працэс для сябе адрынеш", — разважае беларускі кіраўнік.
Ён дадаў, што цяперашняя моладзь нарадзілася і вырасла ў сучаснай, незалежнай Беларусі і не заспела сапраўды цяжкі перыяд жыцця краіны. "Вы не ведаеце таго жыцця. Можа, хтосьці яго крылом неяк зачапіў, але не жылі ў той дзяржаве, у якім мы жылі. Добра тое, што вы грамадзяне сапраўды суверэннай, незалежнай краіны, якую вам сваімі рукамі ствараць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Звярнуўся Лукашэнка і да моднай тэмы лічбавых тэхналогіяў: "Мы кажам, IT-краіна, лічбавая эканоміка, майнінг, біткоіны і блакчэйн. Без найвышэйшай адукацыі ў гэтай сферы нікуды не сысці, калі вы хочаце адбыцца ў гэтым жыцці".
У навагодняй сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прынялі ўдзел 250 маладых людзей. 190 з іх — студэнты ВНУ, у тым ліку з рэгіёнаў, 60 — навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі.