Лукашэнка прапанаваў стварыць беларуска-індыйскі індустрыяльны парк

12 верасня ў Аляксандра Лукашэнкі адбылося сустрэча з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі. Кіраўнік Беларусі цяпер знаходзіцца ў Індыі з афіцыйным візітам.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь выступае за шматпалярны свет і хоча бачыць Індыю магутным полюсам у свеце. Ад імя Беларусі ён прапанаваў індыйскім інвестарам самыя выгадныя і льготныя ўмовы.
Таксама беларускі кіраўнік прапанаваў Індыі стварыць у Беларусі навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк. Як вядома, кітайска-беларускі індустрыяльны парк у Беларусі ўжо ёсць.
"Я прапанаваў прэм'ер-міністру Індыі стварыць у Беларусі — на шляху перасячэння з усходу на захад і з поўдня на поўнач — навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк, дзе будуць створаны самыя выгадныя ўмовы для інвеставання і дзе індыйскія кампаніі разам з іншымі сусветнымі кампаніямі, калі будзе такое жаданне, змогуць размяшчаць сваю вытворчасць і рэалізоўваць тавары і паслугі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрасаюза", — пераказвае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Беларусь і Індыя таксама дамовіліся наконт павелічэння паставак калійных угнаенняў.
Пасля афіцыйных перамоваў былі падпісаныя двухбаковыя дакументы. У іх ліку, напрыклад, праграма супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін у сферы культуры на 2018-2020 гады, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам павышэння кваліфікацыі і прадпрымальніцтва Індыі аб супрацоўніцтве ў сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам па справах моладзі і спорту Індыя па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы моладзевай палітыкі.