Лукашэнка прапанаваў СНД супрацьстаяць Захаду ў сістэме міжнароднага гандлю

Аляксандр Лукашэнка заклікаў лідараў СНД супрацьстаяць Захаду, які разбурае сістэму міжнароднага гандлю. Пра гэта ён заявіў 28 верасня ў Душанбэ на саміце кіраўнікоў Садружнасці.
Беларускі кіраўнік мяркуе, што міжнародныя рынкавыя адносіны ўсё больш губляюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяння. "Мы бачым, як з падачы Захаду безапеляцыйна, у аднабаковым парадку руйнуецца створаная дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю. Выкарыстанне неправавых механізмаў ператвараецца ў норму і ставіць нашы эканомікі ў слабае становішча", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Ён заклікаў краіны СНД разам супрацьстаяць новым выклікам. Лукашэнка прапанаваў аб'яднаць намаганні для сумеснай абароны інтарэсаў на глабальным рынку, а таксама актывізаваць узаемны гандаль і інвестыцыі.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў дзяржаў СНД няма агульнага бачання і генеральнага плана развіцця Садружнасці.