Лукашэнка — пра перанос выбараў: Мы тут нікога падманваць не збіраемся

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў магчымае развядзенне парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія прыпадаюць на 2020 год (прэзідэнцкія выбары мусяць адбыцца не пазней за 20 жніўня, а парламенцкія — не пазней за 10 верасня). Пра гэтую праблему ў сярэдзіне студзеня паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, праводзіць у адным годзе дзве кампаніі немэтазгодна і цяжка, таму яна не выключыла, што адны з выбараў могуць прайсці ў канцы 2019-га.
Лукашэнка падчас сённяшняй сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам адзначыў, што ведае пра дыскусіі на гэты конт у інтэрнэце.
“У інтэрнэце [пішуць], што Лукашэнка тут пойдзе на нейкія датэрміновыя выбары для таго, каб выйграць час, яшчэ нешта. Лухта апошняя. Я ніколі не гуляўся з гэтымі рэчамі і гуляцца не збіраюся”, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што калі вырашаць разводзіць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, гэта праанансуюць. Каб “органы ўлады і жадаючыя стаць чальцамі парламента і кандыдатамі ў прэзідэнты падрыхтаваліся да гэтага”. “Мы тут нікога падманваць не збіраемся”, — сказаў Лукашэнка.