Лукашэнка — пра мост праз Прыпяць: Дрэнна, што гэта нечакана адбылося

Праблему моста з расколінай пад Жыткавічамі абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра Міхаілам Русым. Кіраўнік дзяржавы даручыў сёлета пабудаваць новы мост паміж Жыткавічамі і Туравам.
"На жаль, што было пабудавана ў савецкія часы, гэтыя масты маюць праблемы. Дрэнна, што гэта нечакана адбылося. За гэты год новы мост павінен быць там пабудаваны", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў што сам часта бывае ў гэтым рэгіёне. "Гэта нядобра будзе, калі прэзідэнт туды прыедзе, а людзі будуць скардзіцца", — дадаў ён. Лукашэнка даручыў арганізаваць падвоз людзей да Турава і Жыткавічаў, каб яны маглі перапраўляцца праз Прыпяць.
Увесну кіраўнік дзяржавы хоча наведаць гэты раён і пракантраляваць становішча справаў. "У мяне гэтае пытанне на кантролі. Але гэта твая радзіма, і ў Год малой радзімы ты не павінен ад гэтага адвярнуцца", — звярнуўся ён да Русага.
Таксама Лукашэнка даручыў праверыць стан іншых падобных мастоў у краіне. Як вядома, іх у Беларусі налічваецца пяць, і ва ўсіх выяўленыя расколіны. "Не трэба чакаць, пакуль зноў дзесьці нешта лопне або трэсне. Трэба ўмацоўваць, перарабляць гэтыя масты, можа быць, яшчэ дадатковыя апоры падвесці. Але так, каб яны трымаліся і служылі. А так мы цяпер паабмяжоўваем рух, потым закрыем масты, і людзі будуць за 300 км ездзіць", — абурыўся ён.
Дарэчы, кур'ёзны фотаздымак "умацаванага" моста ў Мінску ўчора з'явіўся ў беларускіх СМІ. Бетонны мост проста падперлі драўлянымі канструкцыямі.
Расколіну праз мост праз Прыпяць пад Жыткавічамі выявілі на пачатку снежня 2017 года. Яго закрылі не толькі для аўтамабільнага, але і пешаходнага руху. Спецыялісты казалі, што рэканструкцыя моста зойме каля года. Для перапраўкі людзей праз раку быў арганізаваны пантонны мост, цяпер перавозяць на катэрах.