Лукашэнка назваў абнародаванне "панамскага архіву" "стральбой па вераб'ях"
Аляксандр Лукашэнка назваў абнародаванне "панамскага архіву" "стральбой па вераб'ях". Кіраўнік дзяржавы зрабіў гэтую заяву 26 красавіка падчас паездкі ў раёны, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.
"Гэта толькі спроба падступіцца да выкрыцця карупцыйных дзеянняў гэтай сусветнай мафіі, на чале якой палітыкі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Ды і сярод журналістаў іх нямала, нават тых выданняў, якія былі прыцягнутыя нібыта да расследавання па "панамскім скандале". Казаць пра тое, што гэта моцная антыкарупцыйная хваля, не варта".
Як вядома, скандал з-за абнародавання "панамскага архіву" ці "панамскіх дакументаў" выбухнуў у пачатку красавіка 2016-га, калі з'явіліся адпаведныя публікацыі ў шэрагу ўплывовых заходніх СМІ. Гаворка ідзе пра афшорныя махінацыі з фінансамі (сцвярджаецца, што "архіў" належыць панамскай юрыдычнай фірме Mossack Fonseca). У выніку, у адстаўку падаў прэм'ер-міністр Ісландыі, а швейцарская паліцыя правяла ператрусы ва УЕФА. У скандал патрапіў брытанскі прэм'ер Дэвід Кэмеран, які прызнаўся ў афшорных аперацыях свайго бацькі. У дакументах згадваюцца сусветныя знакамітасці, спартсмены. Агулам ва ўжо апублікаваных дакументах згадваюцца кіраўнікі больш за дзясятка дзяржаў, а сярод іх — Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка. Мінюст ЗША пачаў расследаванне матэрыялаў "панамскага архіву".