Лукашэнка: Мы не будзем накручваць заработныя платы (відэа)
Кіраўнік дзяржавы ў аўторак правёў нараду, прысвечаную актуальным унутрыпалітычным пытанням. Гаворка ішла найперш пра будучыя выбары.
Аляксандр Лукашэнка 23 чэрвеня правёў нараду, прысвечаную "актуальным унутрыпалітычным пытанням". Гаворка на ёй ішла найперш пра будучыя прэзідэнцкія выбары. Як вядома, 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць пытанне прызначэння іх даты. Лукашэнка сёння выказаў меркаванне, што парламентары падтрымаюць прапанову Цэнтрвыбаркаму і прызначаць выбары на 11 кастрычніка
"Мы шчыра і сумленна сказалі: мы не будзем пад выбары, друкуючы грошы ці забіраючы з золатавалютных і іншых рэзерваў, накручваць заработныя платы, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Але калі мы не маем такой магчымасці на павышэнне зарплаты, цэны павінны быць адпаведныя. Гэта ў нашых руках".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы павінны мець працу, быць упэўненымі ў заўтрашнім дні, прадпрыемствы павінны працаваць. "Гэта галоўнае для ўлады. Вырашым мы гэта, і тады праблемаў не будзе з выбарамі", — сказаў Лукашэнка.
На нарадзе абмяркоўвалі фінансаванне выбараў, пытанні арганізацыі масавых мерапрыемстваў, працэс фармавання выбарчых камісій, празрыстасць галасавання і падлік галасоў выбарцаў. Таксама Лукашэнку цікавіла, каго менавіта з міжнародных назіральнікаў плануецца запрасіць на выбары. Ён адзначыў, што ў Беларусі нікому не будуць забараняць назіраць за выбарамі.

Фота: ria.ru, БЕЛТА