Лукашэнка лічыць правільнай рэабілітацыю "чарнобыльскіх" раёнаў

26 красавіка Аляксандр Лукашэнка наведвае Слаўгарадскі раён Магілёўшчыны. Гэты рэгіён — адзін з пацярпелых падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 26 красавіка — трагічны дзень у жыцці беларускага народа. "Гэтая чарнобыльская бяда здарылася не з нашай віны. Не мы будавалі гэтую станцыю, не мы яе эксплуатавалі. Але так здарылася, што менавіта нам давялося наладжваць жыццё ў гэтых пацярпелых раёнах пасля аварыі на ЧАЭС", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Ён адзначыў, што прыкладна 15 гадоў таму прыняў рашэнне аб рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый і зямель. На думку беларускага кіраўніка, гэта было правільнае рашэнне. Пацвярджэннем ён назваў тое, што нараджальнасць у Слаўгарадскім раёне цяпер вышэйшая, чым у цэлым па Магілёўскай вобласці. "Дзякуй, што 15 гадоў таму вы пачулі мяне, жывяце на роднай зямлі, нараджаеце дзяцей, працуеце", — дадаў Лукашэнка.