Лукашэнка: Каб развівалася нацыя, трэба працаваць на зямлі і думаць пра космас
У Дзень авіяцыі і касманаўтыкі Аляксандр Лукашэнка наведаў цэнтр касмічнай сувязі, які ствараецца ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна. Яго праінфармавалі пра праект стварэння Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, пра якасна новы этап у развіцці сувязі ў Беларусі. Гэта стала магчыма пасля запуску сёлета беларускага тэлекамунікацыйнага спадарожніка "Белінтэрстат-1". Мяркуецца, што самы аптымальны варыянт для нашай краіны — мець тры спадарожнікі.
Лукашэнка заявіў, што праект ствараўся для таго, каб ён прыносіў прыбытак. Пры гэтай умове можна будзе яго развіваць — запускаць новы спадарожнік, "для больш надзейнай сувязі". "Мы пайшлі ў гэтую сферу для таго, каб развівалася нацыя, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Араць зямлю, сеяць, прыбіраць мы навучыліся. Вырабляць складаны прадукт у прамысловасці мы таксама навучыліся. Але гэта не космас, гэта не атамная станцыя, гэта не Парк высокіх тэхналогій — тыя напрамкі, якія арыентаваны ў будучыню".
Таксама кіраўнік Беларусі выказаўся пра забеспячэнне абараназдольнасці нашай краіны. Паводле яго слоў, "ракета — гэта сёння галоўная сістэма для абароназдольнасці". Гэта тая зброя, якая прымушае праціўніка думаць, ці варта мець агрэсіўныя намеры ў адносінах Беларусі. Ён параіў беларусам не перажываць за будучыню, бяспеку і абароназдольнасць краіны. "У нас дастаткова спецыялістаў, якія могуць ствараць сістэмы, здольныя супрацьстаяць любому праціўніку", — адзначыў Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі ў чарговы раз нагадаў пра планы стварэння 50 тысяч новых працоўных месцаў, пра тое, што дзяржава і надалей будзе гарантаваць першае працоўнае месца выпускнікам ВНУ.