Лукашэнка гандлюе зброяй з паўночнаафрыканскім рэжымам — Тышкевіч

Самалёт "ТрансАвіяЭкспарт" / infotrans.by
Рэжым Лукашэнкі актыўна гандлюе зброяй з адным з рэжымаў у Паўночнай Афрыцы.
Да такой высновы прыйшоў украінскі аналітык Ігар Тышкевіч. Ён звярнуў увагу на рэйсы беларускай авіякампаніі "ТрансАвіяЭкспарт". Ён адзначыў, што грузавы Іл-76 гэтай авіякампаніі рэгулярна лётае ў Паўночную Афрыку. Прычым рэйсы адбываюцца не толькі з Мінска, але і з аэрадрома пад Оршай — Балбасава.
У Афрыцы самалёты, верагодна, адключаюць датчыкі, адказныя за перадачу каардынатаў.
"Трэк самалёта заўсёды "губляецца" каля лівійскіх берагоў. У такім рэжыме борт можа ляцець альбо ў Лівію (да генерала Хафтара), альбо ў Судан. У паветранай прасторы іншых краінаў "хавацца" нельга. Такім чынам, ці туды, ці туды возяць тавары, для якіх транспарціроўка паветрам бяспечная і не так дарагая", — разважае Тышкевіч.
Сярод самых папулярных грузаў, якія перавозяць таемна, — людзі (не толькі прастытуткі, але і найміты), наркотыкі і зброя. "Другое адпадае. Значыць, хутчэй за ўсё зброя. Тым больш, што ў той самай Оршы знаходзіцца адна з перавалачных базаў для экспарту беларускіх узбраенняў", — робіць выснову аналітык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.