Лукашэнка: Да Мінгарвыканкама ў мяне пакуль шмат пытанняў

У Аляксандра Лукашэнкі назапасілася шмат пытанняў да Мінгарвыканкама. Пра гэта ён заявіў сёння падчас прыняцця кадравых пытанняў, інфармуе БЕЛТА.
Заява прагучала, калі Лукашэнка ўзгадняў прызначэнне Мікалая Рагашчука. Да цяперашняга часу чыноўнік займаў пасаду старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама. Сёння яго прызначылі намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама.
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава паведаміла, што на гэтую пасаду Рагашчука запрасіў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Плануецца, што на новым месцы працы той "узначаліць эканамічны напрамак у аблвыканкаме".
У адказ Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць у Мінгарвыканкаме добрая замена для Рагашчука. "Глядзіце, каб быў перспектыўны і моцны чалавек. Таму што, скажу вам шчыра, да гарвыканкама ў мяне пакуль шмат пытанняў", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.