Лукашэнка: Да ФК БАТЭ шмат прэтэнзій
Дзяржпадтрымка ў Беларусі будзе толькі за спартыўныя вынікі і для тых, хто працуе на перспектыву, бо лішніх грошай няма.
17 лістапада Аляксандр Лукашэнка выслухаў даклады кіраўнікоў Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса і Беларускай федэрацыі хакея Ігара Рачкоўскага. Гаворка ішла пра дзяржаўную падтрымку арганізацый фізкультуры і спорту. Лукашэнка падкрэсліў, што яна будзе толькі за спартыўныя вынікі і для тых, хто працуе на перспектыву, бо лішніх грошай у дзяржавы няма.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падаткамі цяпер абкладуць сродкі, якія спартовыя арганізацыі атрымоўваюць з-за мяжы. Ён нагадаў, што калі будавалі стадыён у Барысаве, з БАТЭ яго ўвесь час прасілі вызваліць сродкі, атрыманыя, верагодна, за выхад у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў, ды абяцалі частку патраціць на пабудову стадыёна.
"Гэта разумна. Я ім тады, даўно паабяцаў: будзеце гуляць добра — пабудуем стадыён, і мы яго пабудавалі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Добры, зручны стадыён, можна гуляць. Я прыводжу БАТЭ таму, што яно на слыху. Да гэтага клубу шмат прэтэнзій, але гэта наш найлепшы клуб, я пра іншых не кажу".
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу паступова выключыць усялякае дзяржаўнае фінансаванне клубаў. Але калі "будуць вынікі — мы аператыўна знойдзем у бюджэце грошы, каб аддзячыць спартсменаў або арганізацыю", адзначыў Лукашэнка. Ён таксама гаварыў пра заробкі спартсменаў і падкрэсліў, што "несправядліва заробленых грошай быць не павінна".