Лукашэнка абвінаваціў Расію ў эканамічным ціску на Беларусь

Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Расію ў эканамічным ціску на Беларусь. Пра гэта кіраўнік краіны заявіў падчас сустрэчы з дзярсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотай. Лукашэнка адзначыў, што летась гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Расіі былі не найлепшага ўзроню і сёлета не ўдаецца выправіць сітуацыю.
“Гэта нікуды не варта. Мы заўсёды ганарымся тым, што вось тавараабарот знізіўся, але ў натуральным выражэнні мы прыбавілі. Гэта гаворыць пра тое, што мы пачалі пастаўляць у Расію вялікія аб’ёмы, але па коштах напалову ніжэйшых. Якая прыбытковасць Беларусі ад гэтага? Практычна ніякай”, — адзначыў Лукашэнка.
Асабліва спыніўся на праблемах паставак нафты і газу ў Беларусь. “Мы целяпаемся (іначай не скажаш) і ўжо некалькі месяцаў не можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расія знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але ціску я не пацярплю і беларусы таксама”, — заявіў кіраўнік краіны.
На фоне “газавых праблем” у Расію блакуюцца пастаўкі некаторых беларускіх тавараў, асабліва тых, якія пастаўляюцца ў Еўрасаюз.
“У Расіі яны чамусьці “няякасныя”. Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных коштах у Расію, мы б’ем па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расіі, — сказаў Лукашэнка. — Яны ціснуць на ўрад (там сувязі, вы ведаеце не горш за мяне, якія), а ўрад дае каманду “фас” рознага кшталту чыноўнікам — ад Рассельгаснагляду і гэтак далей. Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак — пяць закрываюць, пяць адкрываюць — шэсць потым закрываюць. Ідзе непрыхаваны ціск”.
Лукашэнка сказаў, што “гэта ўжо праз край, далей іак працягвацца не можа”, а таксама заявіў, што Беларусь будзе аптымізаваць свой удзел у інтэграцыйных праектах, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.