Літва не плануе аднаўляць транзіт беларускіх угнаенняў — дарадца Наўседы

"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота

"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота

Літва не абмяркоўвае аднаўленне транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю, бо такія пастаўкі трапляюць пад санкцыі ЗША і Еўрасаюза. Пра гэта заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы па пытаннях навакольнага асяроддзя і інфраструктуры Рамунас Дзілба, перадае інфармагенцтва BNS.

І нават калі санкцыі ЗША і ЕС будуць знятыя, Літва мае прававыя інструменты ў рамках нацыянальнага заканадаўства для "абароны сваіх інтарэсаў".

"Калі мы ўбачым, што кампанія атрымлівае прыбытак ад транзіту ўгнаенняў і, магчыма, ускосна фінансуе ваенныя дзеянні [Расіі ва Украіне] або ўмацоўвае рэжым [Аляксандра Лукашэнкі], то гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Літвы, і ў гэтым выпадку мы маглі б прымяняць нашы нацыянальныя прававыя інструменты пры прыняцці рашэнняў”, — падкрэслівае Дзілба.

На мінулым тыдні з'явіліся паведамленні, што тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта выступае за аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву. Адпаведную прапанову нібыта кіраўніцтва тэрміналу накіравала ва ўрад Літвы. У тлумачэнні прапаноўвалася зрабіць акцэнт "на забеспячэнне глабальнай харчовай бяспекі, скарачэнне залежнасці ад экспарту ўгнаенняў з Расіі, а таксама зніжэнне даходаў Расіі ад лагістыкі беларускага калію".

"Беларуськалій" трапіў пад міжнародныя санкцыі яшчэ ў 2021 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.