Ледзяны дождж выклікаў транспартны калапс у шэрагу рэгіёнаў

8 снежня ў многіх рэгіёнах Беларусі прайшоў ледзяны дождж. У некаторых гарадах гэта адбылося пры мінусавой тэмпературы. Амаль па ўсёй краіне ледзяны дождж і галалёд сталі прычынай аўтааварый.
Тэлеканал АНТ інфармуе, што на трасе М1 каля Нясвіжа адбыліся адразу два буйныя ДТЗ. Легкавік, якім кіравала жыхарка Баранавічаў, выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з мікрааўтобусам. Жанчыну-кіроўцу шпіталізавалі. У тым жа раёне апынуўся ў кювеце і перакуліўся мікрааўтобус пасольства Польшчы. Пасажыры засталіся жывыя.
Тэлеканал "Беларусь 1" паведамляе, што галалёд паралізаваў рух у Салігорскім раёне. Паведамлялася пра дробныя аварыі, грамадскі транспарт не курсіраваў. Аднак дарогі ўжо апрацавалі, рух аднавіўся. Ранішні галалёд выклікаў транспартны калапс у Пінску. Транспарт стаяў прыблізна да 9-й гадзіны. З перабоямі ён працаваў у Баранавічах.
З-за галалёда раніцай у чацвер Брэсцкі аўтавакзал адмяніў 20 рэйсаў з 50-ці. З-за цяжкіх умоваў надвор'я былі адмененыя рэйсы ва Украіну, у Гродна, Ліду. Раніцай у бальніцы Брэста з-за галалёдных траўмаў трапілі 36 пацыентаў. У іх траўмы рук, ног і галавы, інфармуе тэлеканал АНТ.
У Мінску рэзкага павелічэння аўтааварый не было зафіксавана, нягледзячы нават на ледзяны дождж. БЕЛТА паведамляе, што ДАІ і дарожныя службы працуюць у штатным рэжыме. Аднак павялічылася колькасць пацярпелых ад галалёдных траўмаў людзей. Напярэдадні па меддапамогу звярнуліся 26 чалавек. Нацыянальны аэрапорт "Мінск" працуе ў штатным рэжыме.
У пятніцу, 9 снежня, у Беларусі яшчэ больш пацяплее. ДАІ рэкамендуе кіроўцам захоўваць хуткасны рэжым і дыстанцыю, а аўтамабілістам без вялікага досведу раяць адмовіцца ад паездак за рулём.