Леаніду Судаленку ўручылі праваабарончую прэмію Homo Homini

Леанід Судаленка / @viasna96
Леаніду Судаленку ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі праваабарончую прэмію Homo Homini, якой яго адзначылі яшчэ ў 2021-м годзе. Тады гомельскі праваабаронца быў у зняволенні. Узнагароду за яго атрымлівала праваабаронца Наталля Сацункевіч. Учора ў Вільні на сустрэчы салідарнасці кампаніі #FreeViasna яна перадала прэмію калегу.
Homo Homini (чалавек чалавеку) — прэмія ў галіне правоў чалавека, заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй "Чалавек у бядзе". Прэмія прысуджаецца асобам, якія зрабілі "значны ўклад у прасоўванне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных метадаў вырашэння грамадска-палітычных канфліктаў".
Кіраўніка гомельскага філіяла праваабарончага цэнтра "Вясна" Леаніда Судаленку затрымалі ў студзені 2021 года і асудзілі па палітычным артыкуле на тры гады калоніі. Гэтым летам ён выйшаў на волю і выехаў з Беларусі. Днямі гомельскі праваабаронца выступіў у Еўрапарламенце, дзе расказаў пра ўмовы ў беларускіх турмах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.