Курыца ці рыба? Кафэ з ежай, як у самалётах, адкрылася ў Мінску

Кафэ "Авіятар" у Мінску / Onliner
Беларусы могуць наведаць кафэ, дзе гатуюць ежу, як у самалётах. У новым кафэ "Авіятар" можна замовіць стравы з меню "Белавія" або, напрыклад, Air China.
Кафэ адкрыла служба "Кетэрынг" Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Яно знаходзіцца ў мікрараёне "Курасаўшчына".
"З любой авіякампаніяй, якая ляціць у Беларусь і хоча, каб для яе гатавалі бортовае харчаванне, мы ўзгадняем рацыёны — пачынаючы ад эканамічнага класа і заканчваючы меню для пілотаў", — расказалі Онлайнеру ў "Кетэрынгу".
Сярод варыянтаў меню ёсць мусульманскае, індыйскае, вегетарыянскае, дзіцячае, дыябетычнае, безглютэнавае, фруктовае. Вопыт вялікі: за 30 гадоў у Беларусь ляталі 40 розных авіякампаній.
"У нас назапасіўся вялікі вопыт, і нам хацелася б, каб кожны жадаючы змог адчуць сябе ў нас, як на борце самалёта", — кажуць у новым кафэ.

Заказаўшы страву, можна ўявіць, што вы сядзіце ў бізнес-класе міжнароднай авіякампаніі. Ежу прынясуць на пластыкавым падносе, а налепкі на сценах нагадаюць вам ілюмінатар.
Кафэ адкрываецца ў абед і працуе да вечара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.