Ксяндза Вячаслава Барка прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"

Вячаслаў Барок

Вячаслаў Барок / Еўрарадыё

Група інтэрнэт-рэсурсаў пад назвай "Ксёндз Барок" прызнаная ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем". Адпаведнае рашэнне прыняло 16 красавіка МУС.

У рашэнні гаворыцца, што адміністратары і ўдзельнікі нібыта ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць. Пад гэтую фармулёўку падпадаюць YouTube-канал, Тэлеграм, старонка ў Фэйсбуку і электронная пошта святарa Вячаслава Барка. Лагатыпам фармавання ў МУС палічылі фатаздымак ксяндза на фоне пратэснай акцыі 2020 года.

Уласна ўсё "экстрэмісцкае фармаванне" складаецца з аднаго толькі ксяндза Вячаслава Барка. Раней у беларускіх карных органаў ужо быў падобны выпадак: "экстрэмісцкім фармаваннем" прызналі сацсеткі блогера Валера Руселіка.

Ксёндз Вячаслаў Барок служыў у Расонах. Трапіў пад пераслед сілавікоў за ўдзел у мірных пратэстах, публічныя выказванні супраць гвалту і відэа на YouTube з развагамі пра хрысціянскую этыку. Яго пасадзілі за краты на 10 сутак, правялі дома ператрус і забралі тэхніку. У ліпені 2021 года Барок быў вымушаны пакінуць Беларусь. Пазней яго сацсеткі і відэа былі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Апошнія два з паловай гады, як адзначае "Хрысціянская візія", Вячаслаў Барок публічна не выказваецца, бо яму забаронена выступаць у СМІ і сацсетках. 28 кастрычніка 2022 года віцебскі біскуп Алег Буткевіч абвясціў яму кананічную вымову і пад пагрозай пазбаўлення магчымасці служыць забараніў публічную дзейнасць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.