Крымінальную справу на экс-амбасадара Астапенку перадалі ў суд

Уладзімір Астапенка / kyky.org
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць экс-амбасадара Уладзіміра Астапенкі.
Як заяўляюць у ведамстве, яго вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Сума шкоды ацэньваецца больш як у 6,9 тысячы рублёў у эквіваленце.
Расследаванне крымінальнай справы адбывалася паводле "спецыяльнай вытворчасці" — завочна. Таксама завочна Астапенку пастанавілі ўзяць пад варту. Завочным жа будзе і суд над ім.
У 2020-м Уладзімір Астапенка стаў адным з нешматлікіх амбасадараў, якія выступілі за сумленныя выбары і супраць гвалту з боку сілавікоў. За гэта ён паплаціўся дыпламатычнай кар'ерай.
Наконт крымінальнай справы дыпламат расказваў, што яго вінавацяць за грошы, выдаткаваныя на авіяквіткі з Аргенціны. Ён вылятаў адтуль у статусе амбасадара, для яго сям'і купілі тры квіткі — самому Астапенку, яго жонцы і дзіцяці. Ляцець ён мусіў у Мінск. Але з Парыжа адправіўся ў Варшаву, не дабраўшыся да Мінска. Беларускія ўлады заяўляюць, што грошы, якія пайшлі на паездку, Астапенка выкарыстаў у асабістых мэтах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.