"Крумкачы", "Граніт" і "Іслач" дапушчаныя да ўдзелу ў вышэйшай лізе
Футбольныя клубы "Крумкачы" (Мінск), "Граніт" (Мікашэвічы) і "Іслач" (Мінскі раён) дапушчаныя да ўдзелу ў вышэйшай лізе. 11 сакавіка іх справу разглядаў камітэт па клубным ліцэнзаванні Беларускай федэрацыі футбола. Футбольныя чыноўнікі канстатавалі, што клубы выканалі ўсе патрабаванні, таму яны атрымалі ліцэнзіі на сезон 2016 года, інфармуе прэс-служба БФФ.
А вось бабруйская "Белшына" прадаставіла дакументы толькі сёння, таму іх разгледзець не паспелі. Прыняццё рашэння перанеслі на пачатак наступнага тыдня.
Як паведамляла Еўрарадыё, ліцэнзаванне з-за невыканання фінансавых крытэраў таксама не прайшлі брэсцкае "Дынама" і наваполацкі "Нафтан". Ім трэба ў бліжэйшыя 10 дзён выправіць сітуацыю і звярнуцца ў Апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні. Яго бліжэйшае пасяджэнне пройдзе 21 сакавіка.
Чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе стартуе 2 красавіка. А 13 сакавіка на стадыёне ФК "Мінск" пройдзе матч за суперкубак Беларусі паміж камандамі БАТЭ (Барысаў) і "Шахцёр" (Салігорск), пачатак а 15-й гадзіне.