Краіны Еўрасаюза адмовіліся ад банкаўскай таямніцы
Міністры фінансаў краін ЕС узгаднілі закон, які патрабуе ад усіх 28 краін раскрываць інфармацыю аб банкаўскіх кліентах і іх даходах.
Як заявіў еўракамісар па пытаннях падаткаабкладання Альгірдас Семета, банкаўскай таямніцы ў ЕС больш няма, прынятыя меры абяцаюць поўную празрыстасць падатковай сістэмы ў Еўропе, паведамляе БелТА.
Супраць гэтага закона на працягу пяці гадоў выступалі Люксембург і Аўстрыя, якія вядомыя як "падатковыя гавані". Гэтыя краіны аднымі з апошніх прагаласавалі за абмен інфармацыяй аб любых відах прыбыткаў замежных грамадзян у краінах Еўрасаюза.
Паводле новага закона, банкі ўсіх краін ЕС будуць абавязаныя аўтаматычна адпраўляць кліенцкія дадзеныя падатковым уладам той краіны, грамадзянінам якой з'яўляецца кліент. У прыватнасці, банкі будуць абавязаныя раскрываць інфармацыю аб атрыманых кліентамі банкаў дывідэндах, прыбытках з капіталу і іншых формах фінансавага прыбытку, а таксама даныя аб астатках сродкаў на рахунках.
Закон уступіць у сілу ва ўсіх краінах ЕС у 2017 годзе. Выключэнне зроблена толькі для Аўстрыі, якая папрасіла дадатковы год для стварэння сістэмы абмену інфармацыяй з банкамі.