Краіна ЕС вяртае ў Беларусь амбасадара, які са скандалам пакінуў пасаду ў 2020-м

Аляксандр Лукашэнка ўручае Ёзэфу Мігашу ордэн Скарыны / прэс-служба Лукашэнкі
Славакія прызначыла новага Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара ў Беларусі. Ім будзе Ёзэф Мігаш. Дыпламат ужо займаў гэтую пасаду з 2016 па 2020 год, але пакінуў яе пасля ўдзелу ў парадзе на 9 траўня ў Мінску.
У паведамленні МЗС Славакіі гаворыцца, што Мігаш мае шматгадовы досвед працы ў постсавецкім рэгіёне: ён узначальваў амбасады краіны не толькі ў Беларусі, але таксама ва Украіне і Расіі.
Вяртанне амбасадара краіна ЕС тлумачыць жаданнем аднавіць канструктыўны дыялог з беларускім бокам. "Сёння вельмі важна даць прастору дыпламатыі, дыялогу і перамоваў, каб з'явіліся першыя вынікі, напрыклад, у крытычна важных мірных перамовах і як мага больш хуткім заканчэнні вайны ва Украіне", — так каментуе міністр замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Юрай Бланар прызначэнне амбасадара.
У сваю чаргу Ёзэф Мігаш заявіў пра павелічэнне цікавасці беларусаў да навучання ў славацкіх ВНУ. Ён дадаў, што ў Славакіі пражывае каля 10 тысяч беларусаў, "якія з'яўляюцца мостам узаемаразумення паміж нашымі двума народамі".
У 2020 годзе падчас пандэміі кавіду Ёзэф Мігаш 9 траўня прысутнічаў на парадзе ў Мінску. Праз некалькі дзён пасля гэтага ён падаў у адстаўку. У МЗС Славакіі патлумачылі, што дыпламат не ўзгадніў свой удзел і "парушыў асноўныя прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай".
Лукашэнка ўзнагародзіў дыпламата ордэнам Францішка Скарыны "за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.