Еўрасаюз скароціць штат прадстаўніцтва ў Беларусі

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Еўрасаюз плануе аптымізаваць сваю службу знешніх дзеянняў. У прыватнасці, мяркуецца зменшыць штаты дзясятка прадстаўніцтваў ЕС і скараціць каля 100 мясцовых супрацоўнікаў, піша выданне Politico.
Крыніцы выдання кажуць, што скарачэнне адбудзецца ў краінах, дзе ЕС больш не зацікаўлены ўтрымліваць значную колькасць дыпламатаў і супрацоўнікаў. У якасці прыкладаў называюцца Беларусь і афрыканская дзяржава Лясота. Дыпламатычныя прыярытэты Еўрасаюза, як заяўляюць крыніцы Politico, змяняюцца з дапамогі развіццю на дасягненне стратэгічных інтарэсаў — накшталт выканання санкцый або абароннага партнёрства. А гэта мае на ўвазе і адпаведнае пераразмеркаванне рэсурсаў.
Пры гэтым ніводнае з 144 прадстаўніцтваў Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў закрываць не плануюць. У дзясятцы прадстаўніцтваў штат скароцяць да асноўнага персаналу — пасол і адзін ці два памочнікі. Адмовяцца ад ад мясцовых супрацоўнікаў.
Аптымізацыя штатаў запланаваная на 2026-27 гады. Пры гэтым частка супрацоўнікаў будзе працаваць дыстанцыйна, без пастаяннага офіса. Як канстатуе крыніца Politico, такія дзеянні прыраўняць да фактычнага закрыцця прадстаўніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.