Колькі медсясцёр страціла Беларусь за апошнія дзесяцігоддзі

З 2020 года Мінздароўя перастала публікаваць падрабязную статыстыку па сярэднім медыцынскім персанале

З 2020 года Мінздароўя перастала публікаваць падрабязную статыстыку па сярэднім медыцынскім персанале / pixabay.com

У сістэме аховы здароўя Беларусі не хапае як мінімум 40 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна, якія атрымалі профільную адукацыю, але не працуюць па спецыяльнасці. Пра гэта пішуць "Белыя халаты".

Паводле звестак Белстата, з 1991 па 2019 год у медвучылішчах і каледжах Беларусі было падрыхтавана больш за 129 тысяч спецыялістаў сярэдняга медыцынскага звяна. Большасць з іх да 2025 года яшчэ не павінны былі выйсці на пенсію, а значыць, маглі б працягваць працу ў сістэме.

Аднак, паводле дадзеных Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, на канец 2023 года ў дзяржаўных установах аховы здароўя працавалі каля 99 тысяч чалавек з адпаведнай адукацыяй. З іх толькі каля 87% — да пенсійнага ўзросту, што складае прыкладна 86 тысяч чалавек.

Параўноўваючы гэтыя 86 тысяч з 129 тысячамі падрыхтаваных спецыялістаў, становіцца зразумела: як мінімум 40 тысяч чалавек пакінулі прафесію задоўга да пенсіі. І гэта — без уліку тых, хто атрымаў дыплом у 2020–2023 гадах.

Нагадаем, што з 2020 года Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць падрабязную статыстыку па сярэднім медыцынскім персанале.

Чаму гэта адбываецца?

Сярод прычын "Белыя халаты" называюць прафесійнае выгаранне, механізмы прымусу, калі дзяржава замест матывацыі выкарыстоўвае ціск, а таксама палітычны фактар пасля пратэстаў 2020 года.

Хто працуе цяпер?

Паводле "Белых халатаў", сістэма "латае" кадравыя дзіркі пенсіянерамі, студэнтамі і перагрузкай персаналу. У Мінску каэфіцыент сумяшчальніцтва па сярэднім медперсанале дасягае 1,28 — гэта значыць, супрацоўнікі працуюць на 1,5–2 стаўкі.

Па рэгіёнах замацаванне маладых спецыялістаў не перавышае 72–82%, а гэта значыць, што кожны чацвёрты не затрымліваецца ў прафесіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.