Кіроўцу, які збіў насмерць школьніка, асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі

16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска абвясціў прысуд па справе аб смяротным наездзе на 10-гадовага школьніка на бульвары Шаўчэнкі ў сталіцы вясной 2014 года.

43-гадовы кіроўца прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, перадае БелаПАН. На 5 гадоў яму забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі. Суд абавязаў абвінавачанага выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым: бацьку дзіцяці — 100 млн рублёў, маці — 200 млн рублёў, дзядулю — 50 млн рублёў.

Нагадаем, здарэнне адбылося 26 сакавіка 2014 года каля 14-й на пешаходным пераходзе на бульвары Шаўчэнкі. Мужчына на аўтамабілі "Вольва-XC90" збіў 10-гадовага хлопчыка на нерэгуляваным пераходзе.

Падчас расследавання было праведзена тры следчыя эксперыменты і шэраг судовых экспертыз, апытаныя відавочцы. Устаноўлена, што аўтамабіль рухаўся з хуткасцю не менш за 55 км/г. пры дазволенай на дадзеным участку дарогі хуткасці не больш за 40 км/г. Па словах экспертаў, кіроўца праявіў злачынную нядбайнасць, неабачлівасць і няўважлівасць да дарожнай абстаноўкі, выбраў хуткасць, якая не забяспечвае яму кантроль за бяспечным рухам аўтамабіля. Таксама ён не ўлічыў наяўнасць двух аўтамабіляў перад пешаходным пераходам, якія абмяжоўваюць агляд дарогі справа, і не ўпэўніўся ў адсутнасці перад імі пешаходаў.

Падчас расследавання абвінавачваны сваю віну не прызнаў. Следства адзначыла, што за апошнія некалькі гадоў мужчына больш за 25 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР, з іх больш за 10 разоў — за невыкананне хуткаснага рэжыму. За паўгадзіны да наезду аўтаматычная камера відэаназірання на праспекце Пушкіна зафіксавана, як ён чарговы раз перавысіў хуткасць на 21 км/г.

Фота — onliner.by