Зяленскі аб атацы на Харкаў: "Расію нельга ўзнагароджваць"

Уладзімір Зяленскі / @Zelenskiy
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асудзіў "дэманстратыўны і цынічны" ўдар па жылы доме ў Харкаве, нанесены напярэдадні вечарам. Ён заявіў, што Расія не павінна быць узнагароджаная за вайну супраць яго краіны.
У выніку абстрэлу Харкава ва ўласных кватэрах загінулі 7 чалавек. Паводле дадзеных мясцовай паліцыі, верагодна, сярод загінулых — цэлая сям’я. Следчыя правядуць ДНК-экспертызу, але меркавана ахвярамі атакі сталі маці, бацька, паўтарагадавалая дзяўчынка, 16-гадовы падлетак і іх бабуля.
"Расійская ваенная машына працягвае знішчаць жыцці, нягледзячы ні на што. Пуцін будзе здзяйсняць паказальныя забойствы, каб аказваць ціск на Украіну і Еўропу, а таксама каб прынізіць дыпламатычныя намаганні, — піша Зяленскі. — Менавіта таму мы шукаем дапамогі, каб пакласці канец забойствам. Менавіта таму неабходныя надзейныя гарантыі бяспекі. Менавіта таму Расія не павінна быць узнагароджаная за ўдзел у гэтай вайне".
Гэтыя заявы ўкраінскі лідар зрабіў у сацсетцы Х напярэдадні сустрэчы з амерыканскім калегам Дональдам Трампам у Вашынгтоне.
Сустрэча Зяленскага і Трампа адбудзецца сёння вечарам. Спецыяльны прадстаўнік Трампа заявіў, што Уладзімір Пуцін пагадзіўся на "надзейныя" гарантыі бяспекі для Украіны, у тым ліку на патэнцыйнае пагадненне аб бяспецы па ўзоры НАТА. Гэта значыць пагадненне, паводле якога напад на Украіну будзе разглядацца як напад на ўсіх удзельнікаў пагаднення. Пакуль незразумела, якія краіны маглі б далучыцца да такой дамовы.
Пры гэтым учора вечарам Трамп заявіў, што Украіну не дапусцяць у НАТА ні пры якім сцэнары міравога пагаднення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.