Чым банкі Беларусі зацікавілі збеглага ўкраінскага бізнесмена — БРЦ

Грошы / фота ілюстрацыйнае / @rubanau_collage
Украінскі бізнесмен Пётр Дымінскі, які хаваецца ад крымінальнага пераследу на радзіме, меў бізнес-інтарэсы ў Беларусі, высветлілі журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра. Мясцовыя банкі ён выкарыстоўваў для шматмільённых здзелак, у тым ліку з партнёрам кума Ўладзіміра Пуціна і кампаніяй, якая займаецца гандлем зброяй.
Дымінскі валодаў доляй сеткі АЗС WOG і тэлеканалам ZIK TV. Ён уцёк з Украіны ў 2017 годзе пасля таго, як трапіў у ДТЗ у Львоўскай вобласці. Пасля ўцёкаў ад арыштa ў Еўропу ўкраінец працягваў актыўна весці бізнес.
У 2019 годзе Дымі́нскі прадаў належны яму тэлеканал ZIK TV прарасійскаму дэпутату Тарасу Козаку — блізкаму саратніку кума Пуціна Віктара Мядзведчука. У 2021 годзе ўкраінскія ўлады заблакавалі вяшчанне канала.
Паводле дакументамаў кіпрскай кампаніі Дымінскага Ablemark Limited, сума здзелкі па продажы тэлеканала склала 27,5 млн долараў. Праз злітыя дадзеныя Cyprus Confidential журналісты выявілі, што пераклад прайшоў праз беларускі ЗАТ "Абсолютбанк". Тады ім валодаў бізнесмен Мікалай Варабей — фігурант санкцыйных спісаў, якога журналісты называюць партнёрам Віктара Мядзведчука.
Украінскі палітолаг Яўген Магда лічыць, што сувязі Дымінскага з Беларуссю маглі сфармавацца яшчэ ў часы, калі Лукашэнка быў "гібрыдным саюзнікам" Украіны і пастаўляў ёй паліва, змазачныя матэрыялы і тавары двайнога прызначэння. Па словах Магды, фінансавая сістэма Беларусі дазваляла заключаць нефармальныя дамоўленасці з атачэннем Лукашэнкі, якія захоўваліся гадамі.
"Беларусь для Дымі́нскага цалкам можа быць ціхай гаванню, бо ўкраінскаму „захадняку“ ў Расіі ўмоўна нязручна, а Лукашэнка ахвотна прымае ўцекачоў з Украіны з 2014 года", — кажа эксперт.
Атрыманныя сродкі Ablemark Limited накіравала на выдачу шматмільённых пазыкаў розным фірмам. Адзін з пазычальнікаў — Jikinto Limited, якая ў лютым 2020 года атрымала бязпрацэнтны крэдыт на як мінімум 2,6 млн еўра. Праз месяц сярбскае Міністэрства гандлю дало кампаніі дазвол на экспарт зброі з Сербіі. У тым жа годзе Jikinto Limited паставіла зброю з дзяржаўных сербскіх заводаў Міністэрству абароны Ўганды на агульную суму каля 10 млн долараў ЗША.
Калі Jikinto Limited вяртала частку пазыкі, пераклад адбыўся праз іншы беларускі банк — ААТ "Банк БелВЭБ".
Беларускі след у гісторыі Дымінскага выяўляўся не толькі праз банкі, якія ўдзельнічалі ў разліках з кампаніямі, якія гандлявалі зброяй. Праз Ablemark Limited ён вёў перамовы аб куплі беларускага ЗАТ "БТА Банк", выявілі журналісты ў зліве дадзеных Cyprus Confidential. Здзелка не адбылася: у чэрвені 2024 года БТА Банк набыла кампанія ТАА "SNRG Capital Eurasia", да якой Дымінскі не меў дачынення.
Чаму беларускія банкі наогул рызыкуюць працаваць з фігурантамі крымінальных спраў за мяжой? Прычына ў ізаляцыі ад заходніх фінансавых сістэм. Самім жа фігурантам беларускія банкі цікавыя, бо верагоднасць таго, што краіна будзе супрацоўнічаць з замежнымі праваахоўнымі органамі пры арышце замежных рахункаў, вельмі нізкая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.