Кіроўца кінуў петарду і напалохаў два нарады вайскоўцаў
Выбух петарды, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Жыхара Смалявічаў асудзілі за петарду, кінутую ў бок вайскоўцаў. Суд над ім адбыўся яшчэ на пачатку года, але вядома пра выпадак стала толькі цяпер, піша "Зеркало".
Як гаворыцца ў матэрыялах справы, увечары 31 снежня 2023 года кіроўца ў Смалявічах запаліў петарду і кінуў яе ў бок вайскоўцаў двух вайсковых нарадаў в/ч 3310 унутраных войскаў МУС. Мужчыну затрымалі, і Новы год ён правёў за кратамі.
Судзілі яго 3 студзеня 2024 года па абвінавачанні ў хуліганстве. Кіроўца прызнаў сваю віну. Мужчына сказаў, што кінуў петарду з акна свайго аўтамабіля.
Яго вінаватасць пацвердзілі таксама ў сваіх паказаннях пацярпелыя і сведкі. Акрамя таго, у справе фігуруюць рапарты супрацоўнікаў вайсковай часці.
За дробнае хуліганства мужчыну прысудзілі пяць сутак арышту.