Кіроўца грузавіка, які наехаў на людзей каля ГЦ “Замак”, асуджаны на 5 гадоў

Кіроўца грузавіка Віталь Мычко, які наехаў на людзей у Мінску каля ГЦ “Замак”, асуджаны на 5 гадоў. Тэрмін зняволення ён правядзе ў калоніі агульнага рэжыму. 55-гадовага мужчыну прызналі вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання іншаму чалавеку. На 5 гадоў яго пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. Працэс праходзіў у судзе Цэнтральнага раёна сталіцы. З сына абвінавачанага, уладальніка грузавіка. на карысць пацярпелых спагналі 20 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Трагічнае здарэнне адбылося 2 снежня мінулага года на праспекце Пераможцаў. У грузавіка ЗІЛ адмовілі тармазы і ён наехаў на групу пешаходаў, якія пераходзілі вуліцу на зялёнае святло. На месцы ад атрыманых траўмаў загінула 11-гадовая дзяўчынка, пацярпелі 4 чалавекі (сярод іх — 7-гадовы брат дзяўчынкі і яе 56-гадовая бабуля). Высветлілася, што машына не праходзіла тэхагляд. Па словах кіроўцы, на гэта ў яго не было грошай. У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну.