Футбольная імперыя “МЛ Віцебск” пашыраецца: клуб набыў стадыён і цір

Дырэктар "МЛ Віцебск" Віктар Фаўстовіч разглядае пляцоўку ў горадзе / "МЛ Витебск"
Прыватны футбольны клуб “МЛ Віцебск” набыў стадыён і цір, размешчаныя побач з “Віцебскдрэў”. Аб’екты нерухомасці былі прададзены з аўкцыёну, за іх заплацілі амаль 345 тысяч рублёў.
У склад лота ўвайшлі невыкарыстоўваемы будынак ціра плошчай больш за тысячу квадратных метраў і стадыён — амаль 10,3 тысячы квадратных метраў. Яны знаходзяцца па адрасе завулак Стаханаўскі, 7А і шчыльна прымыкаюць да вытворчай пляцоўкі дрэваапрацоўчага прадпрыемства.
Да нядаўняга часу стадыён і цір лічыўся за СДЮШАР “Камсамолец”.
Нагадаем, што ў пачатку 2025 года клуб набыў зямлю пад будаўніцтва стадыёна і базы, выкупіўшы былы аздараўленчы лагер “Бярозка” ў прыгарадзе Віцебска. Сума здзелкі не раскрывалася.
Улетку “МЛ Віцебск” узяў у 25-гадовую арэнду зямлю пад узвядзенне спартыўнага комплексу ў самым абласным цэнтры. Сума здзелкі — 203 тысячы долараў.
Гаспадаром клуба з’яўляецца ўладальнік букмекерскай канторы “Макслайн” Арцём Леонаў. “МЛ Віцебск” у 2025 годзе ўпершыню дэбютаваў у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Каманда за восем тураў да канца турніру ўпэўнена лідзіруе, апярэджваючы пераследнікаў на 10 балаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.