Беларус Papa Bo адкрые канцэрт гурта Meute у Варшаве на стадыёне COS Torwar

Дыджэй Papa Bo / фота з акаўнту артыста ў Фэйсбуку
25 верасня на варшаўскім стадыёне COS Torwar пройдзе канцэрт вядомага гамбургскага тэхна-марш-бэнда MEUTE. Яго адкрые беларускі дыджэй Papa Bo (Аляксандр Багданаў).
"Гэта будзе мой першы досвед выступлення перад такой вялікай аўдыторыяй", — напісаў беларус у сацсетках пра свой выступ.
Meute — вельмі папулярны нямецкі гурт з Гамбурга. Яго ўдзельнікі граюць такую электронную музыку, як тэхна, хаўс і дып-хаўс, выкарыстоўваючы выключна акустычныя інструменты.
Гамбургскія музыкі пасябравалі з Papa Bo пасля яго музычнага сэту падчас беларускіх пратэстаў 2020 года. Падчас выступу беларуса на маршы 23 жніўня 2020-га гучаў і трэк нямецкага гурта. На падставе відэа з пратэстаў музыку затрымалі ў 2021-м і асудзілі на тры гады "хіміі".
Аднак ён са сцэнографам Максімам Круком здолеў уцячы з Беларусі. Іх падтрымалі і музыкі Meute, якія прадалі свой арыгінальны пінжак на дапамогу палітвязням.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.