Кіроўца, які збіў людзей каля ГЦ "Замак": На тэхагляд не было грошай

Кіроўца, які збіў людзей каля ГЦ "Замак": На тэхагляд не было грошай

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ідуць слуханні крымінальнай справы супраць кіроўца грузавіка ЗІЛ, які збіў людзей каля ГЦ "Замак". Мужчына цалкам прызнаў сваю віну, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, піша tut.by.

Здарэнне адбылося 2 снежня 2017 года. 55-гадовы кіроўца грузавога аўтамабіля ЗІЛ збіў групу пешаходаў, якія пераходзілі праезную частку на зялёны сігнал святлафора. 11-гадовая дзяўчынка ад траўмаў памерла на месцы здарэння. Траўмы атрымалі яе 56-гадовая бабуля, 7-гадовы брат і яшчэ два пешаходы.

Следства выявіла, што тэхагляд грузавіка не праводзіўся з 2015 года. У жніўні 2017 года кіроўцу штрафавалі за тое, што не прайшоў тэхагляд. Экспертыза паказала, што тармазная сістэма, рулявое кіраванне і хадавая частка грузавіка былі няспраўныя. На адным з колаў аўтамабіля была цалкам зношаная тармазная накладка. 

55-гадовы абвінавачаны Віталь Іванавіч адмовіўся ад адваката, заявіўшы, што ў яго няма грошай. Ён паведаміў, што ўсё жыццё працаваў кіроўцам на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, а напрыканцы 2014 года стаў іпэшнікам: развозіў на ЗІЛе прадукты па крамах. 

Абвінавачаны распавёў, што рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем ён займаўся сам. Аднак тэхагляд апошні раз праходзіў летам 2015 года. "Чарговы тэхагляд ў 2016 годзе я не праходзіў, бо не хапала грошай — трэба было заплаціць дарожны падатак, аплаціць сам тэхагляд", — заявіў ён.

У дзень ДТЗ кіроўца, па яго словах, візуальна праверыў машыну — усё было нармальна. Перад аварыяй ён ехаў на хуткасці 47-50 км за гадзіну. Перамену жоўтага на чырвонае святло на святлафоры кіроўца ўбачыў метраў за 25-30, пасля чаго рэзка націснуў на педаль тормазу.

"Машына прытармазіла, а потым педаль рэзка правалілася. Я пачаў паўторна націскаць на яе, але затармазіць не атрымлівалася. Адной рукой я пачаў сігналіць, а другой круціў руль — хацеў сысці лявей. Я бачыў, што людзі пайшлі праз дарогу, іх было шмат", — распавёў мужчына.

ЗІЛ на хуткасці ўрэзаўся ў людзей. "Я хацеў выйсці з машыны, але людзі не давалі мне зрабіць гэта. Крычалі: "Зачыніся і сядзі там, а іначай мы цябе заб'ем", — кажа кіроўца. Пра смерць дзіцяці пад коламі аўто ён даведаўся ад інспектара ДАІ. 

Пацярпелымі па справе прызнаныя бабуля і бацька загінулай дзяўчынкі.

Жанчына папрасіла строга пакараць абвінавачанага: "Як гэта — сесці за руль няспраўнай машыны і паехаць? Не разумею гэтага..."

Слуханні па справе працягнуцца.