Ціханоўская ў кулуарах ААН сустрэлася з Трампам

Святлана Ціханоўская і яе каманда ў ЗША

Святлана Ціханоўская і яе каманда ў ЗША / прэс-служба Ціханоўскай

У кулуарах Генасамблеі ААН адбылася незапланаваная сустрэча лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў выданню "Зеркало".

Паводле яго, сустрэча адбылоася 23 верасня ў будынку ААН у Нью-Ёрку, дзе ў гэтыя дні праходзіць 80-я сесія Генеральнай Асамблеі.

"Прэзідэнт Дональд Трамп выходзіў з перамоваў з адным з сусветных лідараў, а Святлана накіроўвалася на сваю двухбаковую сустрэчу. Калі яны праходзілі міма, то сустрэліся, і Ціханоўская коратка падзякавала Трампу за вызваленне беларускіх палітвязняў", — паведаміў Кучынскі.

Рэакцыя Трампа на зварот Ціханоўскай была пазітыўнай. "Прэзідэнт ЗША быў у бадзёрым і добрым настроі, ён вельмі цёпла адрэагаваў на словы падзякі ад Святланы", — дадаў Кучынскі.

Таксама ён расказаў, што на палях Генасамблеі ААН лідарка беларускіх дэмсілаў сустрэлася з прадстаўнікамі каманды Дональда Трампа. Яна падзякавала спецпасланніку прэзідэнта ЗША Кіту Келагу за намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў. Сам Кучынскі пагаварыў з намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкерам.

Дарэчы, 24 верасня Ціханоўская паразмаўляла з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Яна падзякавала кіраўніку Польшчы за тое, што ён згадаў Беларусь у сваім выступе з трыбуны ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.