Асудзілі спявачку, якая ўдзельнічала ў запісе гімна Беларусі

Марына Рапавец / artvocal.by
У Мінску за ўдзел у пратэстах асудзілі ўжо другую выкладчыцу адной і той самай вакальнай школы. Раней паведамлялася пра суд над кіраўніцай школы Веранікай Яноўскай. Цяпер стала вядома, што асудзілі выкладчыцу школы Марыну Рапавец. Ёй прысудзілі "хатнюю хімію", піша "Наша Ніва".
42-гадовая Марына Рапавец — ураджэнка Бабруйска. У 2007‑м яна скончыла аддзяленне харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Педагагічнай дзейнасцю займаецца больш за 15 гадоў. Яна выкладала ў дзіцячай вакальнай студыі пры БДУ і дзіцячых музычных школах Мінска. Таксама жанчына кіруе ансамблем "Pretty bend" і выкладае ў музычнай школе Веранікі Яноўскай.
Выданне звярнула ўвагу, што голас Марыны Рапавец гучыць у афіцыйным запісе цяперашняга гімна Беларусі. Яго запісвалі на пачатку 2000‑х з дапамогай аркестра Узброеных сілаў і акадэмічнага хору Беларускага радыё і тэлебачання. Рапавец была тады ў хоры.
Затрымалі жанчыну ў чэрвені 2025 года. Спярша яна была "на сутках", а потым яе перавялі ў следчы ізалятар №1 у Калядзічах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.