За ўдзел у пратэстах у Мінску асудзілі джазавую спявачку

Вераніка Яноўская

Вераніка Яноўская / фота з яе сацсетак

За ўдзел у пратэстах у Мінску на "хатнюю хімію" асудзілі джазавую спявачку Вераніку Яноўскую. Жанчыну судзілі паводле "народнага" 342-га артыкула Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), піша "Наша ніва".

Вераніцы Яноўскай 40 гадоў, яна замужам, мае двух непаўналетніх дзяцей. У 2004-м яна скончыла Мінскую дзяржаўную музычную вучэльню імя Глінкі, у 2009-м — Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі з адзнакай.

З 2011 па 2017 гады Яноўская выкладала ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Глінкі. А ў 2014 годзе адкрыла ўласную мастацкую школу пад назвай "Артвакал" і стала сузаснавальніцай ансамблю "Па-Дзея".

У ліку яе вучняў ёсць лаўрэаты і дыпламанты міжнародных і беларускіх фестываляў. Вучні Яноўскай сталі студэнтамі музычных навучальных устаноў не толькі Беларусі, але і краін ЕС і ЗША.

Таксама Яноўская працуе запрошанай выкладчыцай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і яе рэгулярна запрашаюць у журы розных міжнародных конкурсаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.