Стрыжак паабяцаў дапамагаць ініцыятывам, якія абараняюць правы жанчын

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак заявіў, што пойдзе ў псіхатэрапію. Пра гэта ён паведаміў на пасяджэнні, дзе прынялі канчатковае рашэнне наконт яго.

"Ён асабіста вырашыў пайсці ў псіхатэрапію, а таксама дапамагаць ініцыятывам, якія змагаюцца за правы жанчын. Калі Андрэю абвясцілі рашэнне аб ягоным сыходзе, а ён заявіў, што не можа пагадзіцца з такім рашэннем, гэта паўплывала на каманду, і частка каманды сышла. Андрэй перадасць свае юрыдычныя правы на арганізацыю, ён не будзе больш чалавекам, які валодае юрыдычнай асобай",паведаміў у гутарцы з Радыё Свабода PR-каардынатар фонду Антон Жукаў.

Скандал вакол Стрыжака выбухнуў пасля таго, як у СМІ трапіла інфармацыя, што ён дасылаў няпрошаныя эратычныя фатаздымкі жанчынам. Камісія, якая займалася разглядам яго справы, выявіла, што аб'ектамі ўвагі былі і атрымальніцы дапамогі ад фонду BySol. Яна рэкамендавала спыніць працу з Стрыжаком. Сам ён як заснавальнік фонду не пагадзіўся з рэкамендацыямі камісіі, назваўшы іх "несправядлівымі, празмернымі і непрапарцыйнымі". Стрыжак правёў галасаванне каманды фонду, пры якім дзве траціны выказаліся за працяг працы з ім.

Дырэктарат прапаноўваў адхіліць яго ад кіраўнічых і прадстаўнічых функцый, але даць выпрабавальны тэрмін тры месяцы. Стрыжак як заснавальнік не пагадзіўся і з такім рашэннем. У выніку выпрабавальны тэрмін павялічыўся да паўгода. Аднак юрыдычнае заснавальніцтва BySol вырашылі перадаць яго дырэктару Віталіюсу Моцкусу.

На знак пратэсту супраць такога рашэння з фонду звольніліся тры чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.