За пратэсты асудзілі сям'ю выбітных педагогаў-баяністаў

Лілія і Аляксандр Пажарыцкія / са старонкі Вконтакте
У Мінску за ўдзел у пратэстах асудзілі сям'ю педагогаў-баяністаў. Аляксандру і Ліліі Пажарыцкім прысудзілі "хатнюю хімію", абвінаваціўшы паводле "народнага" артыкула — ч. 1 арт. 342 КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), піша "Наша Ніва".
Ліліі Пажарыцкай 60 гадоў. Больш за 30 з іх жанчына выкладае ў Рэспубліканскай гімназіі‑каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Двойчы (2016 і 2018) яна станавілася ўладальніцай прэзідэнцкага гранта і адзначаная шэрагам дзяржаўных грамат.
Аляксандру Пажарыцкаму 69 гадоў. Ён выкладаў на кафедры баяна і акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (1990—1996). Мужчына гастраляваў у Беларусі, Англіі, Германіі. Свой першы аўтарскі канцэрт правёў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1996 годзе. Цяпер Аляксандр працуе ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў №17 Мінска і мае ступень педагога вышэйшай катэгорыі, узначальвае аддзяленне "Народныя інструменты (баян, акардэон)". ён з'яўляецца аўтарам больш як 40 твораў, некаторыя з іх выйшлі асобнымі выданнямі.
Выхаванцы Пажарыцкіх — лаўрэаты і дыпламанты конкурсаў у Беларусі, а таксама Польшчы, Літве, Латвіі, Сербіі, Арменіі, Расіі.
Апошнім часам гэта не адзінае паведамленне пра суды над музычнымі педагогамі ў Беларусі. Можна меркаваць, што сярод іх адбылася нейкая аблава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.