Ціханоўскі патлумачыў свае паводзіны з жонкай на стрыме ў Нью-Ёрку

Сяргей і Святлана Ціханоўскія / з акаўнту Сяргея Ціханоўскага ў Інстаграме
Сяргей Ціханоўскі паспрабаваў патлумачыць інцыдэнт у Нью-Ёрку. Тады ён падчас стрыму фактычна шантажаваў сваю жонку Святлану Ціханоўскую, прымусіўшы адмовіцца ад інтэрв'ю тэлеканалу CNN.
У сваіх сацсетках Ціханоўскі апублікаваў адкрыты ліст, у якім заявіў, што паважае жонку, а грубасць выявілася не ў ягоных думках, а ў інтанацыі. "Той факт, што я не дасыпаю, хвалююся і ўзвінчаны, не апраўдвае маіх манер ва ўчорашняй сітуацыі на плошчы ў Нью-Ёрку", — дадаў былы палітвязень.
Пасля гэтага ён перайшоў да абвінавачанняў і заявіў, што яго спрабуюць выкарыстаць, яго меркаваннем не цікавяцца і не паведамляюць яму ні пра мэты, ні пра расклад сустрэчаў і інтэрв'ю.
"Я сапраўды хацеў паўтары гадзіны пабыць разам з беларусамі і Святланай. Пра інтэрв'ю на CNN мяне паставілі ў вядомасць за 20 хвілін да стрыму. Яно было неспадзяваным, нязначным, а можа, і шкоднай у дадзеным палітычным кантэксце падзеяй. Такое інтэрв'ю дакладна не трэба было прызначаць на той жа час, што і даўно запланаваная сустрэча з дыяспарай", — заявіў Ціханоўскі.
Таксама ён заявіў, што ён занадта часта разыходзіцца ў меркаваннях з атачэннем Святланы — і гэта праблема.
"Я аддаю сабе справаздачу, што павінен зрабіць гэта з мінімальнымі выдаткамі для нашай агульнай справы", — завяршыў ён свой адкрыты ліст.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.