Кінарэжысёр Сяргей Лазніца: я ўжо зрабіў фільм пра беларускі пратэст

Кінарэжысёр Сяргей Лазніца: я ўжо зрабіў фільм пра беларускі пратэст

"Ніякай "беларускай мірнай рэвалюцыі", на мой погляд, пакуль што няма. Тое, што я назіраю, рэвалюцыяй не з'яўляецца. Гэта пратэст, які "мірным" назваць ужо складана. Ужо пралілася кроў, і праз збіццё і катаванні прайшлі тысячы грамадзян", — так вядомы кінарэжысёр Сяргей Лазніца заявіў у інтэрв'ю Радыё "Свабода". 

Лазніца мяркуе, што мірнымі дэманстрацыямі і ахвярнымі паводзінамі скінуць уладу Аляксандра Лукашэнкі беларусам не ўдасца. Ён нагадвае, што захоп улады Лукашэнкам адбыўся не ўлетку 2020-га, а значна раней. Кінарэжысёр звяртае ўвагу, што імітацыя выбараў адбывалася даўно, але абурэння ў большасці насельніцтва гэта не выклікала. 

"Доўгія гады Лукашэнка душыў усё, што магло б несці хаця б самую нязначную небяспеку для яго ўлады, песціў і нарошчваў структуры гвалту і тэрору. І насельніцтва ўсё гэта яму дазваляла рабіць. Мне складана сказаць, што здарылася сёлета. Для мяне стаў поўнай нечаканасцю і сам пратэставы рух, і такая колькасць людзей, якія раптам усвядомілі сябе грамадзянамі краіны і мелі смеласць заявіць пра гэта", — прызнаецца ён. Лазніца мяркуе, што разуменне прычынаў такога павароту ў грамадскіх настроях дапаможа зразумець працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі.

Адрозненне беларускіх пратэстаў ад украінскага Майдана рэжысёр апісвае на прыкладзе сітуацыі з турмой на Акрэсціна: "Калі б з такой жа жорсткасцю дзейнічала ўкраінская паліцыя, разганяючы мірную дэманстрацыю, і з ізалятара выйшлі б шматлікія сведкі катаванняў і здзекаў, як на Акрэсціна, я ўпэўнены, што гэта ўмоўнае "Акрэсціна" ва Украіне неадкладна разабралі б па цаглінках, як Бастылію. І ніхто не змог бы спыніць людзей, таму што супраць 200 000 чалавек танкі не пашлеш. І людзі былі б у сваім праве, бо ўлада творыць беззаконне і тым самым пазбаўляе сябе якой бы там ні было легітымнасці. Гэта ўжо не ўлада".

А беларусы, адзначае ён, пайшлі не ратаваць сваіх суграмадзян, а збірацца каля стэлы. На думку Лазніцы, гэтым яны ўпусцілі магчымасць спыніць беззаконне. Рэжысёр заклікае лідараў апазіцыі стаць палітыкамі і ўзяць на сябе адказнасць.

На пытанне, ці будзе ён здымаць фільм пра беларускія пратэсты (пра ўкраінскія ён зняў фільм "Майдан"), рэжысёр адказаў так: "Мне здаецца, я ўжо зрабіў фільм пра беларускі пратэст. Гэта фільм паводле аповесці Васіля Быкава "У тумане". Васіль Быкаў вельмі дакладна апісаў беларускі характар".

Тым жа, хто хоча зразумець прычыны жорсткасьці сілавікоў у Беларусі, ён раіць прачытаць аповесць Алеся Адамовіча "Карнікі". І нагадвае, што суда над камунізмам, у адрозненне ад суда над нацызмам, у постсавецкіх краінах не было: "Ні ідэалогія, ні тыран, ні злачынцы ва ўладзе, якія знішчылі мільёны людзей, не былі асуджаныя. Камунізм як афіцыйная ідэалогія быццам выпарыўся, але людзі затрымаліся ў той жа сістэме нянавісці і хлусні".

Лазніца не згодны з тым, што ўладу ў Беларусі падтрымлівае меншасць: "Улада існуе да таго часу, пакуль большасць грамадзян працягвае яе прызнаваць і ёй падпарадкоўвацца. Калі б рэжым Лукашэнкі сапраўды апынуўся ў меншасці, то Аляксандра Рыгоравіча і яго паплечнікаў можна было б цяпер сустрэць па адрасе Oude Waalsdorperweg, 10, 2597AK, Гаага, Нідэрланды".

Сяргею Лазніцу 56 гадоў. Ён нарадзіўся ў Баранавічах, здымае мастацкія і дакументальныя фільмы. Аўтар мастацкіх карцінаў "Шчасце маё", "У тумане", "Ціхмяная", "Данбас" і дакументальных — "Блакада", "Цуд святога Антонія", "Ліст", "Майдан", "Аўстэрліц", "Дзень перамогі", "Працэс", "Дзяржаўнае пахаванне" ды іншых. На канскім кінафестывалі два яго фільмы станавіліся прызёрамі: "У тумане" (прыз FIPRESCI ) і "Данбас" (прыз за рэжысуру).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.