Хто яна — загадкавая "францужанка" на фота з Талаем?
Аляксей Талай і Алівія Гацана / Facebook
Безназоўная Францужанка, з якой нядаўна сфатаграфаваўся праўладны актывіст Аляксей Талай, зусім не францужанка, а Італьянка Алівія Гацана.
"Мама Еўрапейскага салдата ‼️🇫🇷Францужанка. Яе сын, француз, пайшоў добраахвотнікам змагацца за людзей Данбаса! Загінуў смерцю храбрых... 🔥 У Данецку будзе вуліца ў яго гонар! Цёпла пагутарылі, абдымаліся і плакалі... Дамовіліся быць разам! 💔
Думаю, на Данбасе павінен з'явіцца помнік усім добраахвотнікам, замежнікам, якія прыйшлі змагацца за гэтых людзей, за тых людзей, якія не прынялі вынікаў узброенага дзяржаўнага перавароту ў Кіеве на майдане ў 2014 годзе", — напісаў Аляксей Талай і дадаў, што "там ваююць, у тым ліку добраахвотнікі з Беларусі".
Еўрарадыё вырашыла прыгледзецца да постаці Алівіі Гацана і яе загінулага сына.
Мастачка з Мілана
Алівія — мастачка і фатографка. У яе біяграфіі на сайце адзначана, што яна — "рымлянка па нараджэнні і міланка па ўсынаўленню, але грамадзянка свету (яе маці – немка, а бабуля і дзядуля па матчынай лініі – рускія)".
Там жа яна хваліцца удзелам у міжнародных выставах і публікацыямі ў буйных часопісах. І так, сярод назваў і месцаў няма нічога, звязанага з Расеяй.
Неверагодныя прыгоды італьянца на Данбасе
Сын Алівіі, Эліа Путцолу, у італьянскім выданні L'unione Sarda названы сардзінцам. Там гаворыцца, што ён з Сардзініі пераехаў у Мілан, дзе працаваў бармэнам, а пазней — у расійскі Таганрог.
У 2019 годзе ён уступіў у атрады расийскіх апалчэнцаў на Данбасе. Вядома, што 28-гадовы Путцолу загінуў 16 кастрычніка 2022 года падчас баявых дзеянняў у Пясках у Данецкай вобласці. У навінах пісалі, што ён "прыкрыў таварышаў, якія штурмавалі пазіцыі праціўніка".
Па словах Алівіі, спачатку ён ваяваў у 100-й брыгадзе народнага апалчэння, а затым яго перавялі ў 3-ю брыгаду спецназа расійскай арміі.
Путцолу рэдка публікаваў нешта ў сацыяльных сетках, але нават сярод нешматлікіх фота ёсць тыя, дзе ён апрануты ў камуфляж.
Праз год пасля смерці Эліа, кіраўнік Адміністрацыі старшыні "ДНР" Аляксей Ніканораў уручыў узнагароду "Георгіеўскі крыж ДНР" IV ступені яго маці Алівіі.
Пасля гэтага сеньёра яшчэ раз з'явілася ў расійскіх навінах. У канцы кастрычніка 2025 года яна прымала ўдзел у Маскоўскім міжнародным форуме супрацоўніцтва, прысвечаным 100-годдзю народнай дыпламатыі, дзе параўноўвала жыццё ў ЕС з кнігай Оруэла "1984".
У інтэрв'ю ТАСС Алівія распавяла, што гэта быў яе другі візіт пасля таго, як у 2023-м годзе яна забірала ўзнагароду сына.
На вайне ва Украіне грамадзяне Італіі ваююць на абодвух баках. Дакладных дадзеных аб іх колькасці няма, але вядома, што ў інтэрнацыянальным Легіёне абароны Украіны існуе асобнае падраздзяленне для італамоўных байцоў.