КДБ злавіў супрацоўніка МНС на "адкатах" ад расійскіх фірмаў
Ён арганізоўваў правядзенне тэндараў на куплю авіяцыйных запчастак па завышаным кошце.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі затрымаў начальніка аддзела арганізацыі рамонту авіятэхнікі Дзяржаўнай аварыйна-выратавальнай установы "Авіяцыя" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Як паведамляе прэс-служба КДБ, затрыманне адбылося, калі мужчына атрымоўваў хабар у 4000 еўра.
Па звестках спецслужбы, з 2013-га па 2015 год гэты супрацоўнік МНС атрымоўваў так званыя "адкаты" ад расійскіх фірмаў — 10% за кожны кантракт. Ён арганізоўваў тэндары на куплю авіяцыйных запчастак па завышаным кошце. Выйгравалі гэтыя тэндары фірмы, якія загадзя дамовіліся.
Пры ўдзеле беларускага ратавальніка было падпісана больш за 20 дамоваў на агульную суму звыш 25 мільёнаў расійскіх рублёў, 44 тысяч долараў і 39 тысяч еўра. Грошы беларускаму ратавальніку перавозілі з Расіі так званыя "кур'еры", якіх ён выкарыстоўваў "уцёмную".
На мужчыну пачалі крымінальную справу за атрыманне хабару ў буйным памеры. У яго дэпазітарнай ячэйцы знайшлі амаль 90 тысяч долараў, 20 тысяч еўра і 900 тысяч расійскіх рублёў.
Фота — obozrevatel.com